Велікапосны малітоўны вечар з «Небасхілам» стаў малітвай за ахвяр тэракту ў мінскім метро | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.04.2011 14:45

Велікапосныя разважанні з музычным гуртом парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) сталі ўжо добрай традыцыяй. Сёлета вечар малітвы, што прайшоў 16 красавіка 2011 г., меў не толькі велікапосную афарбоўку.

Гурт «Небасхіл» загадзя рыхтаваў рэпертуар і тэксты разважанняў, у якіх перш за ўсё гучаў заклік да штодзённага навяртання і блізкасці з Богам.

Аднак… вочы не бачылі падрыхтаваныя тэксты велікапосных разважанняў — словы малітвы прамаўляла сэрца: «Божа, будзь літасцівы да тых, каго напаткала неспадзяваная смерць у мінскім метро… Вярні здароўе параненым, умацуй тых, хто перажывае смерць блізкага… Навучы нас цаніць кожную хвіліну жыцця, навучы любіць і заўважаць іншых. Дай прагненне жыць паводле Божай волі, дай ласку быць падрыхтаванымі да спаткання з Табою, калі прыйдзе час…»

Так велікапосная малітоўная сустрэча спантанна стала малітвай за ахвяраў тэракту ў мінскім метро, што адбыўся 11 красавіка гг.

 
© 2003-2024 Catholic.by