30-ы дзень пасля тэракту ў метро і малітва за «мучанікаў у мірны час» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.05.2011 21:52

11 мая 2011 г., у 30-ы дзень тэракту ў мінскім метро, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу за загінуўшых. «Святое Пісанне кажа, што святой і збаўленчай думкай з’яўляецца маліцца за памерлых. Наша малітва сёння ўзносіцца да Бога міласэрнасці, каб выпрасіць ім радасць вечную», — адзначыў іерарх.

На думку Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, у трэцім тысячагоддзі з’явілася новая нешчаслівая дата, а менавіта «11». 11 верасня 2001 г. адбыліся тэракты ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, у якіх згінулі тысячы людзей. 11 сакавіка 2004 г. — тэракт у Мадрыдзе, у выніку якога загінулі 200 чалавек і каля дзвюх тысяч былі паранены.

11 сакавіка 2011 г. адбыўся землятрус у Японіі, які выклікаў вельмі моцнае цунамі. Загінулі дзясяткі тысяч чалавек. А 11 красавіка 2011 г. — выбух у мінскім метро. 14 чалавек загінулі, многія былі паранены.

«Але каму гэта было патрэбна? Хто мае права распараджацца людскім жыццём? Гэта Божы дар і толькі Бог можа ім распараджацца, — адзначыў Мітрапаліт у гаміліі. —  Колькі паламаных лёсаў! Колькі пакалечаных! Да гэтых вельмі балючых наступстваў неабходна дадаць і маральныя справы нашага грамадства».

Па словах арцыпастыра, выбух у метро паказаў, што наша грамадства перажывае вялікі маральны крызіс, бо чалавек падымае руку на нявіннага. Таму варта ізноў звяртацца да Бога і Божай міласэрнасці, каб вылечыцца ад гэтай хваробы маральнага раку.

«Сёння, у 30-ы дзень пасля выбуху, мы гаворым пра гэта не таму, каб пасыпаць соллю раны, але каб перасцерагчы ў будучым ад падобных няшчасцяў і заклікаць людзей да пакаяння і звароту да Божай міласэрнасці, — адзначыў Мітрапаліт. — Святое Пісанне кажа, што святой і збаўленчай думкай з’яўляецца маліцца за памерлых. Яны загінулі як мучанікі ў мірны час. Наша малітва сёння ўзносіцца да Бога міласэрнасці, каб выпрасіць ім радасць вечную. Мы таксама молімся за сем’і памерлых, просячы Бога аб ласцы суцяшэння і духоўнай дапамогі для іх».

«Трагедыя здарылася падчас Вялікага посту. Ахвяры метро злучыліся з ахвярай Хрыста. Яны, па словах св. Паўла, дапоўнілі ахвяру Збаўцы. Цяпер мы перажываем велікодны перыяд, які нагадвае, што смерць не перамагла жыццё. Таму ўваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч і заклікаў вернікаў не губляць надзеі, а паглядзець на гэтыя падзеі праз прызму праўды Уваскрасення.

 
© 2003-2024 Catholic.by