Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымалі 56 вернікаў архідыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.05.2011 13:07

21 мая 2011 г. вернікі трох парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Свіра, Шэметава і Засвіра — атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Святую Імшу ў парафіі Святога Мікалая ў Свіры ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што змена вобліка зямлі распачынаецца з духоўнай змены самога чалавека. А для гэтага, па словах арцыпастыра,  неабходна адкрыцца на дзеянне Святога Духа, дары якога мы атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі.

Мітрапаліт нагадаў таксама пра неабходнасць хрысціянскага сведчання, беручы прыклад са св. Мікалая. Гэтае сведчанне павінна датычыць як спраў духоўнай сферы, так і дабрачыннай дзейнасці.

«Сучасны свет патрабуе сведкаў Евангелля і маральнага жыцця. Ён таксама патрабуе дзейсных сведкаў адносна дапамогі патрабуючым. Дабрачынная дзейнасць праз аказанне падтрымкі патрабуючым у вырашэнні тэрміновых спраў дапамагае і ў справах духоўных. Яна становіцца свайго роду Евангеллем, рэалізаваным у жыцці », — адзначыў Мітрапаліт.

 
© 2003-2024 Catholic.by