У Баравікоўшчыне ўшанавалі памяць францішканскіх мучанікаў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.07.2011 14:36

17 ліпеня 2011 г. у вёсцы Баравікоўшчына, што на ўскраіне Налібоцкай пушчы, адбылася ўрачыстая літургія з нагоды ўспаміну благаслаўлёных а. Германа Стэмпеня і а. Ахілеса Пухалы. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Сярод удзельнікаў урачыстасці былі і нашчадкі тых, хто ў тое жудаснае лета застаўся жывы дзякуючы ахвяры благаслаўлёных айцоў францішканаў.

У 1943 г. немцы вырашылі спаліць жыхароў в. Пяршаі за дапамогу партызанам. 19 ліпеня фашысты выгналі з дамоў каля 200 сяльчанаў на вуліцу. Да групы мужчынаў далучылі айцоў Ахілеса і Германа, якія хоць і былі папярэджаны пра карную аперацыю, але не пакінулі паству. Святароў разам з амаль сотняю мужчынаў пагналі ў Баравікоўшчыну. Паводле сведчанняў, перад смерцю айцы францішкане моцна пакутавалі, потым былі забіты і спалены.

І вось праз заступніцтва благаслаўлёных гэтай зямлі ўдзельнікі набажэнства маліліся за людзей, якія пакутуюць ад розных залежнасцяў, а найперш ад алкагалізму.

Біскуп Дзям’янка заклікаў вернікаў, молячыся за тых, хто трапіў у залежнасць, «прасіць заступніцтва ў сваіх благаслаўлёных — а. Германа і а. Ахілеса». Гэтыя ахвярныя пастыры, як адзначыў іерарх, з’яўляўцца прыкладам наследавання Хрыста, які першы склаў сябе ў ахвяру за чалавецтва.

Біскуп Дзям’янка заклікаў таксама прасіць у Бога дапамогі, каб трываць у добрым, а калі здарыцца падзенне ў граху, каб адразу паўстаць з яго.

У гэты гарачы летні дзень ужо ў трэці раз на месца пакутніцкай смерці а. Германа і а. Ахілеса прыйшлі пешыя пілігрымкі з Івянца і Пяршаяў. Наймалодшаму пілігрыму было ўсяго паўгода. Добры кавалак шляху разам з пілігрымамі прайшоў і біскуп Антоні Дзям’янка.

Малітва пад адкрытым небам сярод мноства зеляніны, незвычайны алтар і амбона, змайстраваныя скаўтамі, невялікая статуя благаслаўлёных  — усё стварала малітоўны настрой і яднала вернікаў з розных куткоў Беларусі ў адну супольнасць.

За веру і адданнасць айцы былі беатыфікаваы 13 чэрвеня 1999 года. 16 верасня 2000 г. была праведзена эксгумацыя астанкаў благаслаўлёных а. Ахілеса і а. Германа, а 23 верасня таго ж года адбылося ўрачыстае перанясенне іх рэліквій у пяршайскі касцёл, дзе яны занялі пачэснае месца ў бакавым алтары святыні. Рашэннем кардынала Казіміра Свёнтка, тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, касцёлу св. Юрыя ў Пяршаях быў нададзены статус санктуарыя благаслаўлёных мучанікаў з ордэна францішканаў а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэмпеня.

Божа, наш Ойча, якi ў сваiм ўкрыжаваным i ўваскрослым Сыне даеш нам крынiцу жыцця i святасцi, надзеi i радасцi, супакою i дабра, праслаўляем перамогу Тваiх дароў, аб'яўленых у мучаніцтве Тваiх слугаў благаслаўлёных Ахiлеса i Германа, святароў з закону святога Францiшка, у час Другой сусветай вайны. Пакорна просiм Цябе, давядзi нас праз iх заступнiцтва да бляску евангельскай праўды, якая не ведае зняволення i здрады, а таксама распалi полымя серафiмскай любовi, якая ўсё пераносiць i вытрымлiвае, каб мы з надзеяй i без страху крочылi дарогамi трэцяга тысячагоддзя веры ў Тваiм Касцеле. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 
© 2003-2021 Catholic.by