У Івянцы адкрылася выстава да 70-годдзя мучаніцкай смерці Максімільяна Кольбэ | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.08.2011 00:05

Выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці Максімільяна Кольбэ, адкрылася ў дольным касцёле імя Міхала Арханёла ў Івянцы падчас працы ІІ Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі. Першым
наведвальнікам выставы стаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскi Адмiнiстратар Пінскай дыяцэзіі.

Мітрапаліт нагадаў, што нездарма выстава адкрываецца ў гэты час — у суседняй Польшчы сёлетні год аб’яўлены годам святога Максімільяна Кольбэ:

— Ён паклаў сваё жыццё за жыццё іншага чалавека, у яго мы павінны вучыцца гэтай праўдзе — любіць бліжняга, — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Любоў да бліжняга — мацнейшая за любую зброю. Таму няхай гэта любоў вядзе таксама і нас да Бога і ўзмацняе нашу веру. Благаслаўляючы наведвальнікаў выставы, Мітрапаліт дадаў, што якраз любоў да бліжняга  і з’яўляецца адной з асноўных мэтаў сустрэчы моладзі ў Івянцы і Сусветнай сустрэчы моладзі, якая сёлета адбудзецца ў Мадрыдзе.

— Шмат людзей ведаюць пра асобу Максімільяна Кольбэ як пра мучаніка, нашай жа ідэяй было паказаць святога Максімільяна, як заснавальніка Рыцарства Беззаганнай, — распавяла Catholic.by кіраўнік праекту Вераніка Гецман, якая вучыцца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. — У падрыхтоўцы выставы прымала ўдзел шмат людзей. Асаблівым чынам прычынілася моладзь і дзеці з малітоўнага руху “Рыцар Беззаганнай”. Усе вельмі стараліся, амаль усё рабілася ўручную: усе літаркі для стэндаў, фотаздымкі друкаваліся і клеіліся асобна.

Выстава складаецца з некалькіх стэндаў, кожны з якіх распавядае пра жыццёвы і святарскі шлях Максімільёна Кольбэ, пачынаючы з яго сям’і і ахопліваючы ўсе перыяды яго жыцця — аб’яўленне Марыі, паступленне ў семінарыю, вучоба ў Рыме, рэакцыя на выступленне масонаў, кляштар у Гродне, праца ў Японіі, канцлагер…

У лагеры, у якім яго трымалі, быў учынены пабег. За гэта фашысты выбралі людзей, якія павінны былі памерці. Святы Максімільян прапанаваў сваю кандыдатуру ў абмен на жыццё аднаго з вязняў і прыняў мучаніцкую смерць. Яму было толькі 47 гадоў. 10 кастрычніка 1982 года быў беатыфікаваны.

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by