Імша ў мінскай архікатэдры ў 30-ы дзень пасля смерці кардынала Свёнтка: малітва за памерлых — паглыбленне нашай веры | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.08.2011 22:41

«Малітва за памерлых — гэта і паглыбленне нашай веры», — падкрэсліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры 19 жніўня 2011 г. У 30-ы дзень пасля смерці кардынала Казіміра Свёнтка вернікі сабраліся ў катэдральным касцёле, каб памаліцца за святой памяці іерарха і за ўсіх памерлых.

На пачатку літургіі біскуп Дзям’янка адзначыў, што да малітвы духоўна далучаецца і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які зараз знаходзіцца разам з дэлегацыяй моладзі на Сусветным дні моладзі ў Мадрыдзе. Таксама біскуп дадаў, што сёння, у 30-ы дзень пасля адыходу кардынала Свёнтка ў вечнасць, вернікі асаблівым чынам моляцца і за ўсіх памерлых, верачы, што жыццё чалавека пасля смерці працягваецца ў вечным вымярэнні.

У гаміліі біскуп Дзям’янка звярнуў увагу на тое, што, імкнучыся да вечнага шчасця, мы павінны, аднак, прайсці тры этапы: першы — знаходзячыся ва ўлонні маці, другі — зямное жыццё, трэці — вечнасць. Як адзначыў іерарх, мы імкнёмся, каб гэтая вечнасць была для нас шчаслівай разам з Богам. Узгадваючы аб асобе спачылага кардынала Свёнтка, біскуп падкрэсліў, што ён усё жыццё «служыў Таму, хто сваёю моцай перамог смерць, грэх і сатану», і вернасць кардынала Богу павінна быць прыкладам для нас.

Біскуп Дзям’янка ўзгадаў таксама аб працы і клопаце кардынала Свёнтка, якія працягваліся праз усё яго зямное жыццё. Менавіта дзякуючы спачыламу іерарху «сёння мы маем гэты ўтульны касцёл» — мінскую архікатэдру. З аднаго боку, працягваў біскуп, жыццё кардынала Свёнтка было цяжкім, але, магчыма, жыццёвыя выпрабаванні былі дадзены яму для ўзмацнення яго веры. Як падкрэсліў біскуп, часта такім чынам «Бог хоча правесці нас праз выпрабаванні, каб загартаваць нашую веру».

Паглыбіць веру, па словах іерарха, нам дапамагае малітва за памерлых. Сённяшняя святая Імша ў мінскім архікатэдральным касцёле — гэта, як адзначыў, менавіта пацвярджэнне таго, што жыццё пасля смерці не завяршаецца, але працягваецца. «Няхай Пан дасць кардыналу Свёнтку за яго моцную веру вечны супакой у Божым валадарстве», — дадаў біскуп Антоні Дзям’янка, заахвочваючы ўсіх прысутных далучыцца да малітвы.

20 жніўня святая Імша ў інтэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка адбудзецца ў пінскай катэдры. Імшу ў 12.00 узначаліць дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гэты дзень кожны зможа памаліцца пры саркафагу з целам памерлага іерарха.
 

 
© 2003-2022 Catholic.by