Кардыналу Свёнтку прысвечаны новы нумар «Ave Maria» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.08.2011 10:28

Новы нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны любімаму ўсімі намі чалавеку-легендзе, чалавеку-эпосе, як яго часам называлі, — кардыналу Казіміру Свёнтку, які адышоў у вечнасць 21 ліпеня. Гэты нумар — своеасаблівы вянок памяці ад вернікаў Беларусі, ускладзены на магілу кардынала.

І ў гэты вянок уплеценыя самыя разнастайныя жывыя кветкі-сведчанні ад тых, хто меў шчасце супрацоўнічаць, сустракацца і проста быць побач з ксяндзом кардыналам у самыя розныя моманты яго няпростага жыцця. У гэтым часопісе вы, шаноўныя чытачы, зможаце прачытаць:

  • «Rogito кардынала Казіміра Свёнтка» — дакумент, у якім падаюцца асноўныя факты з жыцця іерарха і які, паводле касцёльнай традыцыі, кладзецца ў труну памерлага;
  • самыя свежыя, яскравыя ўспаміны пра жыццё кардынала Казіміра Свёнтка, якія супрацоўнікі рэдакцыі запісалі непасрэдна з вуснаў тых, чый жыццёвы шлях у нейкім сэнсе перасякаўся з цярновым шляхам кардынала. Гэтыя ўспаміны вы не зможаце прачытаць ні ў якай іншай крыніцы, ні ў якай, нават самай падрабязнай, біяграфіі вялікага святара. Яны насычаныя жывым пачуццём яшчэ нядаўняй прысутнасці кардынала Свёнтка на зямлі і адначасова — болем ад страты дарагога чалавека;
  • словы самога кардынала, фрагменты аднаго з апошніх яго інтэрв’ю часопісу «Наша вера». У гэтых фрагментах іерарх нібы раскрывае сакрэт свайго святарства, галоўныя аксіёмы сваёй веры і адначасова паўстае перад намі як вельмі просты чалавек, душой непарыўна звязаны з прыродаю.

Не менш важна і тое, што выданне насычана вялікай колькасцю ўнікальных фотаздымкаў ксяндза кардынала, на якіх ён, звычайна па-дзіцячы непасрэдны і ўсмешлівы, паўстае ў самыя розныя моманты свайго служэння, працы і адпачынку.

Гэты часопіс пакіне ў вашай душы светлае праменне, якое і цяпер нібы сыходзіць ад асобы ксяндза кардынала. Хто ведае, можа, у хуткім часе мы дачакаемся цудаў у сваім жыцці, здзейсненых праз яго нябеснае заступніцтва за нас у Валадарстве Айца...

 
© 2003-2022 Catholic.by