Кардынал Кох наведаў Душпастырскі цэнтр у Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.11.2011 16:27

У суботу 12 лістапада 2011 г. у Душпастырскім цэнтры Мінска адбылося чарговае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Удзел у ім прыняў Апостальскі нунцый у нашай краіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а святую Імшу на заканчэнне ўзначаліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

У гаміліі падчас літургіі ватыканскі кардынал прыгадаў гераічнасць святога Язафата Кунцэвіча, успамін якога выпадаў на гэты дзень. Іерарх выказаў перакананне ў тым, што кроў мучанікаў, якія аддалі сваё жыццё за веру, сёння спрыяе пазітыўнаму дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Кардынал Курт Кох прыбыў у Мінск па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта для ўдзелу у Міжнароднай канферэнцыі «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы». Форум праходзіць 13–15 лістапада 2011 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by