Адвэнтавыя рэкалекцыі ў Гарадзеі: кожны хрысціянін пакліканы да місіянерства | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.12.2011 17:03

Як жыць у веры і быць сапраўдным хрысціянамі ў штодзённым жыцці і ў сваім асяроддзі, разважалі ўдзельнікі адвэнтавых рэкалекцый ў парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі (Нясвіжскі дэканат) 9–11 снежня 2011 г. Праводзіў іх кс. Ігар Лашук SDB.

«Місіянерства з’яўляецца пакліканнем кожнага хрысціяніна», — падкрэсліў рэкалекцыяніст, адзначыўшы, што малітва — гэта таксама справа місійная. Менавіта св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, як нагадаў святар, з’яўляецца ўзорам духоўнага місіянерства. Знаходзячыся ўвесь час у кляштары, яна імкнулася падтрымаць сваёй малітвай тых, каму яна была вельмі патрэбна. Вядома таксама, што будучая святая шмат малілася за святароў.

У гэтыя ж дні ў гарадзейскай парафіі і ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Снове была распачата Апостальская справа дапамогі душам чыстцовым. Члены гэтай суполкі кожны дзень ахвяруюць малітву, добрыя ўчынкі або працу ў інтэнцыі душаў, якія церпяць у чыстцы. Раз у месяц таксама цэлебруецца святая Імша ў гэтай інтэнцыі.

«Душы чыстцовыя просяць нас аб малітве, бо прагнуць быць побач з Богам. Выпрошваючы ласкі для гэтых душаў, мы таксама выпрошваем ласкі для сябе, бо душа, якая атрымлівае збаўленне дзякуючы нашай малітве, моліцца за нас», — адзначыў кс. Ігар Лашук.

«Душы, якія знаходзяцца ў чыстцы, церпяць вялікія пакуты, яны прагнуць збаўлення, прагнуць аглядаць Божае аблічча. Таму малітва і ахвяра ў інтэнцыі памерлых душ — гэта справа добрая і высакародная», — нагадаў рэкалекцыяніст.

 
© 2003-2021 Catholic.by