У Барысаве завяршыліся экуменічныя малітоўныя сустрэчы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2012 16:44

23 студзеня 2012 г. у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве па традыцыі адбылася завяршальная экуменічная малітоўная сустрэча ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Святары Каталіцкага Касцёла і пастыры розных хрысціянскіх супольнасцяў слухалі Божае слова, на яго аснове казалі словы прывітання, а на заканчэнне набажэнства кожны прамовіў малітву.

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі супольнасцяў: Адвентыстаў Сёмага Дня (пастар Васіль Ложачнік), Біблейскай (ЕХБ, пастар Сяргей Жукоўскі), «Божых Дароў» (пяцідзесятнікаў, пастар Уладзімір Міхадзюк), парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (каталіцкая, а. Юзаф Пятушка МІС, а. Міхал Цвячкоўскі МІС), «Святло свету» (поўнаевангельская, пастар Васілій, прадстаўнік пастара Яўгена Пугача), парафіі Спаслання Духа Святога (каталіцкая, кс. Аляксандр Тарасевіч).

На заканчэнне малітваў за адзінства хрысціянаў перад алтаром было сімвалічна пастаўлена пустое крэсла. Яно азначала месца для Езуса Хрыста — главы ўсіх хрысціянаў.

Падобныя сустрэчы адбываліся на працягу тыдня ў розных хрысціянскіх супольнасцях Барысава.

А. Міхал Цвячкоўскі МІС

 
© 2003-2024 Catholic.by