У Маладзечне адзначылі ўспамін мучаніцкай смерці архімандрыта Андрэя Цікоты | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.02.2012 13:21

У суботу 11 лютага 2012 г. адзначалася 60-годдзе смерці ў сібірскім лагеры архімандрыта Андрэя Цікоты МІС. 12 лютага ў маладзечанскай парафіі Св. Юзафа рыма- і грэка-католікі адзначалі ўспамін мучаніцкай смерці Слугі Божага разам.

Маладзечна было абрана месцам урачыстага ўспаміну таму, што ў 1917–1918 гг. архімандрыт Цікота працаваў у гэтым горадзе.

Вернікі абодвух абрадаў удзельнічалі ў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Святар падкрэсліў, што ўспамін аб трагічных падзеях мінулага вучыць сённяшніх католікаў быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста.

Гамілію прамовіў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Архімандрыт узгадаў словы а. Язэпа Германовіча МІС, які падзяліў з а. Цікотам цяжар савецкіх лагераў, аб тым, што Слуга Божы «стаўся ахвярай за Веру і Бацькаўшчыну».

Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) быў вядомым святаром Віленскай дыяцэзіі. Пасля ўступлення ў 1920 г. у супольнасць айцоў марыянаў стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадскі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Унёс уклад у кіраванне супольнасцю сясцёр эўхарыстак, заснаванай у Друі бл. Юрыем Матулевічам.

У 1933–1939 гг. а. Андрэй Цікота выконваў абавязкі настаяцеля (суперыёра) супольнасці айцоў марыянаў.

У 1939 г. папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім Адміністратарам экзархату візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).

22 снежня 1948 г. кітайская міліцыя арыштавала марыянскіх законнікаў і перадала іх НКУС. Пасля працяглага следчага працэсу законнікі былі асуджаны на 25 гадоў працы ў сібірскіх лагерах. У зняволенні а. Цікота патаемна выконваў святарскае служэнне сярод вязняў. Памёр, змучаны цяжкімі ўмовамі пражывання ў лагерах і хваробамі, 11 лютага 1952 г.

8 лютага 2012 г. у генеральным доме айцоў марыянаў у Рыме быў абвешчаны міжнародны семінар, прысвечаны памяці архімандрыта Цікоты. Перш цыкл семінару адбыўся ў Рыме, Сінт-Ніклаасе (Бельгія), Трумаў (Аўстрыя), Празе (Чэхія) і Мінску і завяршыўся 13 лютага. Другі цыкл пройдзе ў Варшаве (Польшча), Вільнюсе (Літва), Іркуцку і Чыце (Расія).

А. Крыштаф Троян MIC

 
© 2003-2024 Catholic.by