Мітрапаліт Кандрусевіч у Валожыне: святы Юзаф — прыклад спаўнення Божага плану | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.03.2012 12:48

19 сакавіка Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Юзафа. У гонар гэтага святога названы і многія святыні Беларусі. Адпустовую святую Імшу ў Валожынскай святыні ў гэты дзень узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзяліў 50 вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

У гаміліі арцыпастыр прадставіў святога Юзафа як Богам выбранага чалавека для ажыццяўлення плану збаўлення чалавецтва. Менавіта ён і Марыя ведалі таямніцу Богаўцелаўлення, якая павінна была здзейсніцца для збаўлення чалавека. Мітрапаліт падкрэсліў, што святы Юзаф збудаваў Божаму Сыну дом не толькі матэрыяльны, але і духоўны. І ў гэтым сучасныя бацькі павінны браць з яго прыклад, а значыць клапаціцца не толькі пра матэряльнае дабро дзяцей, але і пра духоўнае.

Выкарыстоўваючы біблійнае азначэнне св. Юзафа як «vir iustus» («муж праведны»), Мітрапаліт указаў на таямніцу велічы святога — яго жыццё было спаўненнем Божай волі. «Гэтага не хапае сучаснаму чалавеку. Таму неабходна супрацоўнічаць са Святым Духам, каб атрымаць духоўную моц жыць паводле Божага закону», — дадаў іерарх, заклікаўшы кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі адкрыцца на дзеянне Святога Духа, каб у сваім жыцці кіравацца навучаннем Евангелля.

 
© 2003-2024 Catholic.by