«Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя»: велікапосныя рэкалекцыі адбыліся ў Гарадзеі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.03.2012 16:17

У парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Тры дні — з 18 па 20 сакавіка 2012 г. — сваім сведчаннем веры з парафіянамі дзяліўся кс. Андрэй Яркавец, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Краснае.

Тэма першага дня — «Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя» — стала «чырвонай ніткай» рэкалекцый. У казанні кс. Яркавец узгадаў шмат жыццёвых сітуацый, у якія людзі трапляюць з-за чэрствасці сэрцаў. Напэўна, кожны пасля яго слоў задумаўся: «А які я?» І, канешне, яшчэ раз прыгадаў, што змяняюць чалавека святыя сакрамэнты і супольнасць Касцёла.

Другі дзень рэкалекцый прыпадаў на ўрачыстасць святога Юзафа, апекуна гарадзейскай парафіі. Таму навука гэтага дня была прысвечана ролі мужчын у сучаснай сям’і і ў Касцёле. «Як цудоўна, калі бацька разам са сваімі дзецьмі дома моліцца на ружанцы. Такую сям’ю злы дух не адолее», — адзначыў рэкалекцыяніст. А калі камянее сэрца — бацька становіцца тыранам. Вельмі важна, каб бацька быў прыкладам у штодзённым жыцці, не менш важна і тое, каб бацька дбаў пра духоўнае выхаванне сваіх дзяцей.  

Тэмай трэцяга дня рэкалекцый стала язычніцтва. Яно так трывала ўвайшло ў наша жыццё, што нават у дамах католікаў можна заўважыць побач з абразамі розныя «абярэгі», «талісманы». Многія жывуць па прынцыпу: «І Богу свечку, і чорту — агарак». За рознымі забабонамі і выдуманымі звычаямі людзі не заўважаюць Бога. Таму сапраўдныя хрысціяне — гэта, як адзначыў святар, «насенне, якое павінна не толькі прарастаць само, але і даваць плод і новае насенне».

У першы дзень рэкалекцый парафію наведала моладзь з малітоўнай групы з Мінска, якая ўпрыгожыла сваім спевам святую Імшу. Пасля Імшы адбылася цікавая сустрэча за кубкам гарбаты ў сакрыстыі з моладдзю і дзецьмі, падчас якой маладыя людзі расказалі, што прыехалі ў Гарадзею пасля начнога малітоўнага чування ў Мінску. Гэтае простае сведчанне веры праз сваю прысутнасць і малітву з’явілася яшчэ адным запрашэннем да адраджэння і ўмацавання ў веры для дзяцей, моладзі і старэйшых вернікаў парафіі.

Кс. Андрэй Сіповіч

 
© 2003-2022 Catholic.by