4 мая 2012 г. у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адкрыліся Дні біскупа Баляслава Слосканса. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць кардынал Яніс Пуятс — арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай улады, вернікі.
Перад распачаццем урачыстасцяў дэлегацыя іерархаў была прынята старшынёй Магілёўскага гарвыканкама.
На адкрыцці Дзён выступілі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кардынал Яніс Пуятс, Пасол Латвiйскай Рэспублiкi ў Рэспублiцы Беларусь.
Потым адбылася св. Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. У гаміліі, зыходзячы з чытанняў пятніцы IV Велікоднага тыдня, іерарх узгадаў пра тое, што ў Велікодны перыяд Касцёл прапануе нашай увазе біблійныя тэксты, якія ўмацоўваюць веру ва ўваскрасенне Хрыста. У першым чытанні св. ап. Павел нагадвае, што нам паслана слова збаўлення. Яно было паслана і габрэям, але яны яго не пазналі і не прынялі Збаўцу, якога забілі, але Бог Яго ўваскрасіў.
Мітрапаліт нагадаў словы Хрыста аб тым, што менавіта Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём. Езус не кажа, што пакажа нам дарогу, навучыць праўдзе і дасць рэцэпт жыцця, але сцвярджае, што Ён сам — гэта дарога, праўда і жыццё.
Чалавек, працягваў іерарх, часта губляе дарогу, блытаецца ў жыцці і не ведае, якім шляхам ісці. Ён шукае праўду, услухоўваецца ў словы людзей і навукоўцаў, аднак бачыць, што гэтая чалавечая праўда часта змяняецца, яна не пастаянная, тое, што ўчора прымалася за праўду, сёння ўжо не лічыцца праўдай. Чалавек хоча жыць вечна, але сам сабе не можа гэтага забяспечыць.
«На ўсе гэтыя праблемы адказ дае Хрыстус, называючы сябе дарогай, праўдай і жыццём, — адзначыў Мітрапаліт. — І сапраўды, сярод мноства жыццёвых дарог чалавек не можа знайсці сапраўднай. Ёю ёсць Хрысус. Сярод прапануемых светам праўдаў чалавек таксама не можа знайсці той, якая яго задавальняла б. Ёю ёсць Хрыстус. Сярод мноства рэцэптаў амаложвання няма такога, які гарантаваў бы жыццё вечнае. Ім ёсць Хрыстус».
«Гэтыя праўды заўсёды абвяшчаў і абвяшчае Касцёл праз сваіх пастыраў. Адным з іх быў Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс. Яго, як Хрыста, не прынялі. Не прынялі, бо абвяшчаў Хрыста і Яго Евангелле, вучыў, што толькі Хрыстус ёсць сапраўдная дарога; ёсць праўда, якая не змяняецца ні пры якіх сацыяльна-палітычных умовах; ёсць жыццё, бо менавіта Ён дае нам хлеб жыцця вечнага», — дадаў іерарх.
Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што словы літургічных чытанняў гэтага дня актуальныя і сёння, бо чалавек сам не прымае Бога і стараецца змяніць Яго закон, як быццам адаптаваць да сваіх пажаданняў. «У выніку маем маральны крызіс, які ёсць прычынай усялякага крызісу. Таму ў наш час патрэбны людзі фармату Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса, каб абудзіць сучаснага чалавека з маральнага летаргічнага сну», — адзначыў Мітрапаліт.
|