Выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў — удзельнікі фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.05.2012 22:43

5 мая 2012 г. стартаваў фестываль «Таленты чыстых сэрцаў» для выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў Мінскай вобласці, прысвечаны Міжнароднаму дню аховы дзіцяці. Арганізатарамі акцыі выступілі Моладзевая каталіцкая місія «Чыстае сэрца» і Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама.

Першы тур фестывалю прайшоў на базе ДУА «Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў». На сцэну выйшлі маладыя таленты з 16 дзіцячых дамоў вобласці, было паказана 30 нумароў, у канцэрце прынялі ўдзел 89 дзяцей. Атмасфера, якая напоўніла залу, была вельмі цёплая і спакойная, нават нягледзячы на тое, што на сцэну выходзілі дзеткі з рознымі хваробамі. Не перашкаджала і тое, гэтыя дзеці з’яўляюцца выхаванцамі інтэрнатаў. Арганізатары зрабілі ўсё, каб пазбегнуць пачуцця спаборніцтва. «Мы імкнёмся стварыць атмасферу радасці і любові, а не спаборніцтва», — падкрэсліў кс. Юрый Санько, дырэктар Моладзевай каталіцкай місіі «Чыстае сэрца».

Пасля правядзення жэраб’ёўкі ўдзельнікі прадставілі падрыхтаваныя нумары. Канцэрт атрымаўся вельмі яскравым і разнастайным. Дзеці спявалі, танцавалі і паказвалі тэатральныя інсцэніроўкі. Уражвала тое, наколькі аддана і таленавіта былі прадстаўлены нумары. Нават хваробы і звязаныя з імі асаблівасці не перашкаджалі ўдзельнікам канцэрта раскрываць свае таленты. Цяжка ўявіць, колькі часу і сіл было аддадзена, каб паставіць некаторыя нумары.

Пасля канцэрта ўдзельнікі фестывалю паклалі кветкі ля помніка Гастэлу. Па словах дырэктара Радашковіцкай школы-інтэрната Ігара Дзятлоўскага, гэты жэст — удзячнасць дзядам і прадзедам за тое, што сёння мы можам жыць у мірны час і развівацца.

Падчас завяршэння першага этапа фестывалю намеснік кіраўніка ўпраўлення Адукацыі Мінскай вобласці Марыя Саротнік адзначыла, што кожны прадстаўлены нумар заслугоўвае хвалы. «Дзякуючы фестывалю мы адкрылі новыя таленты і спадзяемся, што ён стане традыцыйным», — дадала Марыя Саротнік. Кожны калектыў быў адзначаны граматай, а ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

Наступны этап фестывалю пройдзе ў Маладзечне 20 мая. У мясцовым Палацы культуры ўдзельнікі фестывалю разам з зоркамі беларускай эстрады правядуць дабрачынны канцэрт. Уваход — свабодны. Білеты можна ўзяць у касах палаца. Запрашаем усіх жадаючых прыйсці і падтрымаць таленавітых выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. У часе канцэрта плануецца збор сродкаў, на якія будзе набыта неабходнае абсталяванне для Абласнога дзіцячага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах і падарункі для дзяцей, якія знаходзяцца там на лячэнні.

Ужо зараз дзякуем Вам за чулае сэрца. Разам мы можам зрабіць больш.

Мілана Антаневіч


 
© 2003-2024 Catholic.by