Католікі Куранца атрымалі будынак для капліцы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.05.2012 12:26

Напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога католікам в. Куранец Вілейскага раёна быў перададзены будынак былой калгаснай канторы для размяшчэння ў ім капліцы. Гэта гістарычнае месца, бо менавіта тут знаходзіўся драўляны касцёл, які яшчэ памятаюць старэйшыя жыхары вёскі. Пасля вайны ён быў знішчаны, і на яго фундаменце пабудавалі калгасную кантору.

26 кастрычніка 2007 года ў в. Куранец была зарэгістравана парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла, а 26 верасня 2011 г. яе адміністратарам быў прызначаны кс. Аляксандр Барыла.

28 мая католікі Куранца сабраліся ў перададзеным будынку, каб адзначыць парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла. Святая Імша распачалася спевам гімну «Te Deum», у якім парафіяне дзякавалі Богу за ласку адраджэння веры і за Божую справядлівасць у справе вяртання ім месца для малітвы.

Літургія цэлебравалася ў інтэнцыі жыхароў Куранца, тых, хто застаўся верным Богу і Касцёлу, і аб дары навяртання для тых, хто Бога яшчэ не пазнаў. У малітве ўзгадалі ўсіх, хто прагнуў дачакацца вяртання святыні, але адышоў у вечнасць і перажывае гэтую ўрачыстасць у Доме Нябеснага Айца.

Католікі Куранца радаваліся таму, што цяпер маюць месца малітвы і могуць кожную нядзелю і ўрачыстасць удзельнічаць у Эўхарыстыі.

Кс. Аляксандр Барыла

 
© 2003-2025 Catholic.by