Вандроўка наперад у мінулае | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.05.2012 12:11

На паўночным захадзе Беларусі знаходзіцца незвычайна маляўнічая беларуская вёска Залессе. Гэтае месца вызначаецца не толькі прыгожымі краявідамі, але і багатай спадчынай, што пакінуў пасля сябе Міхал Клеафас Агінскі. Яго музычная творчасць вядома не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Пэўна, цяжка знайсці беларуса, які б не ведаў і не любіў паланез «Развітанне з Радзімай», які даўно стаў музычным сімвалам нашай краіны.

Таму не дзіўна, што выбар маршруту для вясновай вандроўкі правадніцы вогнішча святой Еўфрасінні Полацкай (скаўткі ад 17 да 77 гадоў) спынілі менавіта на прыгожых мясцінах Міхала Клеафаса Агінскага. Напэўна, не выпадкова недалёка ад Залесся знаходзіцца яшчэ адзін куточак Беларусі, годны ўвагі. Гэта вёска Беніца, у цэнтры якой стаіць барочны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Храм, пабудаваны шляхцічам Міхалам Казімірам Коцелам у 1701 годзе, мае цікавую гісторыю. Аднак з 1948 года гэты велічны храм зачынены.

Вандроўка распачалася раніцай 26 мая. Шлях ляжаў ад Мінска да Маладзечна, а адтуль да Залесся. Цягнікі, добры настрой, сонечнае надвор’е і прысутнасць скаўцкага духу — усё спрыяла выдатнай вандроўцы. Выйшаўшы з цягніка, мы пачалі прагна ўдыхаць паветра, якім дыхаў Міхал Агінскі. Бадзёрай хадой мы накіраваліся да палаца, які ўтульна размясціўся на беразе невялічкага каналу. І вось позірку адкрыўся велічны палац, а на змену радасці прыйшло расчараванне, бо яго тэрыторыя была агароджана вялізным плотам. Ідзе рэстаўрацыя. Аднак, нягледзячы на гэта, у нас усё ж такі атрымалася знайсці ўваход у плоце, абысці палац, зайсці ў сярэдзіну і нават убачыць рэшткі фрэсак на сцяне. Уражанне ад былой велічы было незвычайнае. У сажалцы каля палаца плавалі два белыя лебедзі. Як мы даведаліся, іх клічуць Ля і Мінор у гонар знакамітага паланезу, напісанага ў танальнасці «Ля мінор».

Пасля літургіі на прыродзе, якую ўзначаліў а. Алесь Шыбека, што падарожнічаў разам з намі, мы рушылі далей у Беніцу да прыгожага, але, на жаль, не дзеючага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Мы імкнуліся напоўніць гэты храм сваімі малітвамі і спевамі, якімі дзякавалі Богу за гэты цудоўны дзень.

Зранку, пачаставаўшыся смачным сняданкам, прыгатаваным на вогнішчы, і кінуўшы апошні развітальны позірк на нашу стаянку ў лесе, мы паспяшылі ў Заськавічы на электрычку, каб паспець на нядзельнае набажэнства ў Маладзечна.

Сядаючы ў цягнік у напрамку да Мінска, мы і ўявіць не маглі, які падарунак нас чакае наперадзе. Падчас дзялення ўражаннямі ў электрычцы мы пачулі знаёмую мелодыю. За нашымі спінамі дзяўчына грала на флейце паланез «Развітанне з Радзімай». Так незвычайна прыгожая мелодыя стала завяршальным акордам нашага падарожжа.

К. Цеплякова
М. Гарашэвіч
Д. Суша

 
© 2003-2024 Catholic.by