Апостальскі нунцый прыняў удзел ва ўрачыстасці Божага Цела ў Нясвіжы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.06.2012 16:10

9 чэрвеня ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Цэлебраваў святую Імшу Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У свяце прымалі ўдзел святары з Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, з дэканату і ваколіц.

Падчас літургіі арцыбіскуп падкрэсліў важнасць Эўхарыстыі ў жыцці чалавека, а асабліва ў жыцці вернікаў нясвіжскай парафіі, якая знаходзіцца пад асаблівай апекай Хрыста, утоенага ў Святых Дарах. Для Хрыста збудаваны гэты касцёл, але ў святыні ёсць яшчэ дом, дзе Ён жыве, — гэта табэрнакулюм. Нунцый падкрэсліў, які прыгожы гэты дом — табэрнакулюм — у нясвіжскім касцёле. Святая Барбара, абраз якой знаходзіцца ў прэзбітэрыі касцёла, прымаючы мучаніцкую смерць за веру з рук свайго роднага бацькі, з вялікай пашанай і надзеяй углядаецца ў Эўхарыстыю. Арцыбіскуп заахвоціў прысутных таксама з верай углядацца ў яе падчас цяжкасцяў.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада. Чатыры прыгожыя алтарыкі, узнёслая малітва і благаслаўленне Святымі Дарамі. Узносіліся прыгожыя спевы. Шматлікія парафіяне, дзеці, моладзь прайшлі ў маніфестацыі сваёй веры.

Напрыканцы ўрачыстасці арцыбіскуп Гуджэроцці падзякаваў усім і ў першую чаргу Богу за магчымасць памаліцца ў гэтай прыгожай святыні, у прыгожым горадзе, сярод прыгожых людзей, якія жывуць тут. Нясвіж нагадаў нунцыю радзіму. Горад сапраўды выглядае па-еўрапейску і нагадвае італьянскія гарады, тым больш што архітэктар, які надаў яму аблічча, быў італьянец, езуіт Джаванні Марыя Бернардоні.

Пасля набажэнства ў гарадской ратушы адбылася сустрэча нунцыя з мясцовымі ўладамі. Арцыбіскуп шмат размаўляў са старшынёй райвыканкама Іванам Крупко, будучы вельмі зацікаўленым жыццём людзей у раёне.

Таксама іерарх наведаў замак Радзівілаў. Нунцый ацаніў высокі ўзровень рэстаўрацыі і падкрэсліў добры аспект супрацоўніцтва ў сферы культуры і захавання гістарычнай спадчыны паміж каталіцкай парафіяй у Нясвіжы і музеем-запаведнікам.

Нясвіж вельмі спадабаўся арцыбіскупу, і іерарх паабяцаў, што гэта не апошні яго візіт у гэты цудоўны горад.

Кс. Пётр Шарко

 
© 2003-2024 Catholic.by