Мітрапаліт Кандрусевіч у гадавіну смерці кардынала Свёнтка: гэта прыклад надзеі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.07.2012 14:43

У гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка ў Беларусі адбыліся набажэнствы за спачылага іерарха. Святыя Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 22 ліпеня ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем кардынала Казіміра Свёнтка, які год таму адышоў у дом нябеснага Айца. Ён быў сапраўдным пастырам і заўсёды клапаціўся пра даручаны яму Божым Провідам статак», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

На прыкладах з жыцця спачылага Мітрапаліт у гаміліі паказаў, што той «кожны раз верыў з надзеяй, нават насуперак надзеі, што Бог знойдзе выйсце з кожнай, нават безнадзейнай сітуацыі». Кардынал Свёнтэк нёс людзям надзею «да канца свайго жыцця», найперш «падчас жорсткага пераследу верна служачы ўсім і клапоцячыся пра стан Божага дому».

Мітрапаліт распавёў таксама пра нязгасны аптымізм кардынала Свёнтка. «Трываючая больш за год вельмі цяжкая хвароба стала ягонай кальварыяй. Аднак, перажываючы яе, ён заўсёды заставаўся аптымістам і жыў надзеяй. Калі я яго наведаў пасля аперацыі на зламанай шыйцы сцягна, ён у мяне спытаўся, ці паеду я на беатыфікацыю кс. Ежы Папялушкі, якая набліжалася. Я адказаў, што гэта немагчыма, бо будзе працэсія Божага Цела. А ён мне сказаў: „А я збіраюся“. Вось прыклад надзеі, нават насуперак надзеі», — адзначыў іерарх.

Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, «жыццёвы прыклад, ахвярнае служэнне Богу і Касцёлу і надзея» кардынала Свёнтка «павінны падбадзёрваць нас, каб мы жылі паводле Евангелля, а калі заблукаем, каб слухалі Пастыра Езуса Хрыста, які ёсць у сваім Касцёле і які збірае нас, рассеяных, каб аднавіць і вярнуць на шлях святасці». Як дадаў іерарх, Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, удзячны кардыналу і ў гэты дзень моліцца аб Божай міласэрнасці для яго.

 
© 2003-2022 Catholic.by