Удзельнікі пілігрымкі Барысаў — Росіца прыйшлі ў Докшыцы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.07.2012 11:20

Семдзесят два ўдзельнікі каталіцкай пілігрымкі Барысаў — Росіца, якая накіроўваецца да месца пакутніцтва святароў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, прыйшлі 29 ліпеня ў Докшыцы. Пілігрымы выйшлі з Барысава 27 ліпеня.

Ісці пілігрымам вельмі цяжка. Надвор’е неверагодна спякотнае. Аднак, нягледзячы ні на што, падарожнікі маюць намер дайсці да росіцкай святыні.

Начавалі пілігрымы ў Зембіне і Бягомлі. За тры дні прайшлі каля ста кіламетраў. У вёску Росіца Верхнядзвінскага раёна падарожнікі прыйдуць 3 жніўня, ідучы праз Глыбокае, Шаркоўшчыну, Мёры, Верхнядзвінск.

Урачыстасці ў Росіцы штогод адбываюцца ў гонар ксяндзоў-пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Падчас нямецкай акупацыі яны выправіліся з місіяй на тэрыторыю цяперашняга Верхнядзвінскага раёна, дзе працяглы час не было духавенства і касцёлаў. У лютым 1943 года святары адмовіліся пакідаць рэгіён, ахоплены карнай аперацыяй нацыстаў. Разам з сотнямі вяскоўцаў былі спалены. У 1999 годзе папа Ян Павел ІІ абвясціў гэтых святароў благаслаўлёнымі.

Перад тым, як разыйсціся на начлег, пілігрымы маліліся на Імшы ў докшыцкім касцёле Святой Тройцы.

Кастусь Шыталь

 
фотаздымкі паводле http://westki.info




 

 
© 2003-2022 Catholic.by