У Мінск прыбудуць рэліквіі св. Максімільяна Кольбэ | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.08.2012 20:01

Асабіста ўшанаваць рэліквіі святога можна будзе 14 жніўня (у дзень яго літургічнага ўспаміну) у парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (вул. Матусевіча, 80). Мінскім францішканам іх перадалі браты з кляштара ў Непакалянаве (Польшча), які заснаваў святы. 

 Адарацыя рэліквій будзе пасля Імшаў на 07.15, 12.00, 19.00. 

Святы Максімільян Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы і на хросце атрымаў імя Раймунд. У 1907 г. разам з братам Францішкам распачаў вучобу ў ніжэйшай францішканскай семінарыі ў Львове. Працягваў вучобу ў Рыме, дзе атрымаў доктарскую ступень. У 1918 г. прыняў святарскае пасвячэнне і праз год вярнуўся ў Польшчу. З 1920 да 1925 г. айцец Максімільян жыў і працаваў у Гродне. З 1922 г. пачаў выдаваць у Кракаве часопіс «Рыцар Беззаганнай». Па яго ініцыятыве пад Варшавай быў пабудаваны кляштар, які атрымаў назву Непакалянава ў гонар Беззаганнай Панны. 

У 1930 г. разам з чатырма братамі айцец Максімільян накіраваўся на Далёкі Усход і заснаваў у Нагасакі місіянерскі асяродак. Праз 6 гадоў вярнуўся ў Польшчу і стаў гвардыянам Непакалянава. Ён хацеў, каб такія ж «Непакалянавы» з’явіліся ў кожнай краіне, але гэтую задуму не ўдалося ажыццявіць, бо пачалася ІІ сусветная вайна. 

У 1941 г. айцец Максімільян быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцім. Там ён дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за асуджанага на смерць чалавека, які меў сям’ю. Апынуўшыся ў бункеры смерці, ён правёў там разам з іншымі асуджанымі два тыдні без ежы і піцця. 14 верасня 1941 г. яго дабілі, увёўшы смяротную ін’екцыю. 

Святы Максімільян, жыццё якога было звязана таксама і з нашаю краінаю, з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі. 

 
© 2003-2024 Catholic.by