Тэмай рэкалекцый для міністрантаў у Лебедзеве стала святая Імша | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.08.2012 11:47

Завяршыліся рэкалекцыі для міністрантаў у Лебедзеве. На духоўных практыкаваннях сустрэліся юнакi з розных гарадоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Валожына, Маладзечна, Нарачы, Дзераўнога, Вілейкі, Гарадзеі і Мінска. Усіх удзельнікаў сабралося звыш 20 чалавек.

Тэмай рэкалекцый у гэтым годзе была святая Імша. Падчас мерапрыемства кс. Андрэй Кеўліч і семінарыст Раман Страшко праводзiлi духоўныя і практычныя канферэнцыі, якія датычылі разумення міністрантамі падчас Імшы адказнасці за тую функцыю, якую яны выконваюць. Падчас практычных канферэнцый міністранты пазнаёміліся з імшалам, а таксама ўзгадалі паасобна кожную частку літургіі.

Кожны дзень адбываўся так званы «Вясёлы вечар»: праводзіліся розныя забавы, падчас якіх юнакi мелі добрую магчымасць бліжэй пазнаёміцца. Рэкалекцыі скончыліся святой Імшой, падчас якой удзельнiкi аднавілі мiнiстранцкiя абяцанні. Ксёндз Андрэй Кеўліч у гаміліі нагадаў хлопцам пра даручаную ім адказнасць і падкрэсліў, што міністрант — гэта той, хто, як і святар, знаходзіцца каля алтара Пана і таму павінен усведамляць важнасць таго, што адбываецца на алтары.

Напрыканцы літургіі ўдзельнікаў рэкалекцый благаславіў кс. Юрый Санько.

Раман Страшко, Таццяна Iсакава

 
© 2003-2024 Catholic.by