Першая Камунія адбылася ў красненскім касцёле | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.08.2012 16:50

Прыгожыя сукенкі, прычоскі, усмешкі на тварах і лёгкі румянец ад хвалявання. У нядзелю 12 жніўня 15 маленькіх вернікаў красненскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўпершыню прынялі ў сваё сэрца Хрыста. У суботу яны паспяхова здалі іспыт і ачысцілі сумленне праз сакрамэнт пакаяння.

Нядзельнае набажэнства пачалося на вуліцы. Дзяцей паставілі ў два рады, каля іх — бацькі і родныя. Усе хвалююцца, час ад часу паглядаюць адно на аднаго і ўсміхаюцца ва  ўзаемападтрымцы. Гэта незабыўны і чароўны момант, які назаўсёды застанецца ў памяці прысутных і на шматлікіх фотаздымках. Прыходзіць святар. Далей усё ідзе па сцэнары, які некалькі разоў ужо праганялі на папярэдніх рэпетыцыях.

У адзін голас дзеці папрасілі благаслаўлення ў бацькоў, тыя ўсклалі на іх рукі. З урачыстым спевам услед за святаром дзеці ідуць у святыню. Гэта іх дзень, іх свята, і яны ведаюць, што ўся парафія жыве зараз адзінствам, спяваючы з імі «Сённяшні дзень».

На святой Імшы дзецям быць не ўпершыню. Цэлы год яны рыхтаваліся да гэтага дня ў нядзельнай школе пад кіраўніцтвам Станіслава Гадлеўскага. Дзеці размеркавалі між сабою псальм, чытанні, малітву вернікаў, якія выдатна падрыхтавалі. Падчас вызнання веры з запаленнымі свечкамі, як ніколі гучна і дружна, Яны адказалі на ўсе пытанні ксяндза пробашча Андрэя.

Прыняўшы святую Камунію, дзеці вярталіся на свае месцы радасныя і шчаслівыя. Сёння яны прынялі ў сваё сэрца, як ніколі раней блізка, Хрыста, сёння яны даверылі Яму сваё жыццё. Пасля Імшы ксёндз Андрэй выказаў спадзяванне, што ўсе 15 чалавек працягнуць сваё сяброўства з касцёлам, не забудуцца пра Імшу і Камунію і захаваюць па жыцці моцную веру. Дзецям былі падараваны ружанцы і фігуркі Маці Божай.

Катэхет Станіслаў Гадлеўскі падзяліўся сваімі ўражаннямі: «Нядрэнна падрыхтаваліся, спявалі добра. Дзеці былі ад 5 да 18 гадоў, зразумела, што патрабаваць ад малых вялікай адказнасці складана. Рыхтаваліся ўсяго год (неабходна два), але ўзгаднілі з ксяндзом, і ён даў згоду».

Пасля Імшы, як заўсёды, былі фотаздымкі і віншаванні. У наступную нядзелю, на ўрачыстае святкаванне 100-годдзя, дзеці зноў вернуцца ў касцёл у святочным белым адзенні. Хочацца верыць, што іх Першая Камунія не застанецца проста ўспамінам, а будзе паўтарацца кожную нядзелю на працягу іх жыцця.

Дар’я Міхайлоўская

 
© 2003-2024 Catholic.by