Трэці дзень Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: ні кроку назад | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.08.2012 12:24

Трэці дзень ІІІ Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачаўся ранішнімі малітвамі і святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Андрэй Кеўліч. Святар нагадаў, што гэты дзень асаблівы, бо на яго прыпадае літургічны ўспамін св. Юзафа Каласанса, заступніка і апекуна Міжнароднай Парафіяды.

Пасля снедання ўдзельнікі Парафіяды накіраваліся на стадыён, дзе прайшлі эстафеты (ад каманды 2 хлопчыка і 2 дзяўчынкі). Затым працягнуліся спаборніцтвы па міні-футболе і валейболе.

У 14.00 адбыўся абед, а пасля ўдзельнікі мелі крыху вольнага часу, каб падрыхтавацца да наступных спаборніцтваў і конкурсаў.

У 15.00 распачаўся конкурс біблійных ведаў. Удзельнікі рашалі тэсты, якія падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў. У групе А разважалі над Евангеллем паводле Марка. У групе В шукалі адказ на пытанне, абапіраючыся на Дзеі Апосталаў. Група С працавала над Пасланнем св. Апостала Паўла да Рымлянаў. Нягледзячы на тое, што для рашэння тэсту было дадзена 45 хвілін, усе справіліся з заданнем раней.

У 16.00 адбыліся фінальныя гульні па міні-футболе і валейболе.

У 17.00 усіх чакалі скаўты ў палатачным гарадку, дзе яны падрыхтавалі сапраўдную паласу перашкод. Было складана, але цікава. Кожную каманду прадстаўлялі 2 хлопцы і 2 дзяўчыны.

Пасля вячэры распачаўся конкурс песні. Найперш каманды прадставілі свае песні ў конкурсе рэлігійнай песні «Sacro Song».

Затым удзельнікі сабраліся каля Агню Парафіяды, дзе адбылося ўзнагароджванне ў паасобных спартыўных дысцыплінах. Вечар працягнуў конкурс свецкай песні «Песня ў маім жыцці». Сапраўды журы будзе нялёгка вылучыць пераможцаў.

Пасля конкурсу на пляцы каля Агню Парафіяды да ўдзельнікаў звярнуўся кс. Юрый Санько, галоўны арганізатар мерапрыемства. Святар сказаў, што ўсе спаборніцтвы і конкурсы праведзены, заахвоціў усіх падрыхтавацца і набрацца сіл перад заўтрашнім урачыстым закрыццём і ўдзяліў благаслаўленне. Пасля ўдзельнікаў Парафіяды чакаў сюрпрыз: яны сталі сведкамі цудоўнага салюту, які абвясціў аб заканчэнні спаборніцтваў. Засталося толькі чакаць цырымоніі ўрачыстага закрыцця ІІІ Парафіяды.

 
© 2003-2022 Catholic.by