Мітрапаліт Кандрусевіч у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені: крыж — інструмент нашага збаўлення | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.09.2012 17:17

16 верасня 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені. У гэты дзень вернікі Чэрвеня перажывалі парафіяльную ўрачыстасць.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што ў хрысціянстве крыж з’яўляецца інструментам нашага збаўлення, бо «дзякуючы крыжовай смерці і ўваскрасенню Хрыста мы былі збаўлены». Таксама арцыпастыр распавёў гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Святога Крыжа, якое адзначаецца як у заходнім, так і ва ўсходнім хрысціянстве.

Укрыжаванне Хрыста, па словах Мітрапаліта, дазваляе нам убачыць нашы «недахопы, незадавальненні і грахі». Падобна таму, як смяротныя ўкусы змеяў «былі наступствам грахоў яўрэяў, так цярпенні і смерць Хрыста на крыжы з’яўляюцца наступствам нашых грахоў». «Паміраючы на дрэве крыжа Езус — жывы вобраз болю, цярпенняў і смерці, якія нясе з сабой грэх, калі мы няверныя закону любові, закону Бога, які нас палюбіў так моцна, што для нашага збаўлення ахвяраваў свайго Сына», — падкрэсліў іерарх.

Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на значэнні, якія мае крыж Хрыста: гэта «чалавечая негуманнасць і гуманнасць Бога», «значэнне і каштоўнасць цярпення», «Божая міласэрнасць і прабачэнне», «моц ахвярнай любові і перамога жыцця над смерцю», «адпушчэнне грахоў і жыццё вечнае».

Па словах Мітрапаліта, сёння Евангелле заклікае нас «падняць крыж уверх, каб яго гаючае святло магло асвяціць нашу патрэбу ў Божай міласэрнасці, якую ён ахвяруе».

 
© 2003-2024 Catholic.by