У Чырвоным касцёле адбылося ўрачыстае адкрыццё катэхетычнага года (дададзена фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.09.2012 10:47

16 верасня 2012 г. у мінскім Чырвоным касцёле адбылося ўрачыстае адкрыццё новага катэхетычнага года. Святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. магістр Уладзіслаў Завальнюк.

«Сёння незвычайны дзень, калі ў нашым касцёле адбываецца лінейка нядзельнай школы — пачатак сустрэчы з дзецьмі і моладдзю, якія дзякуючы вам, паважаныя бацькі, прыйшлі ў дом Божы», — адзначыў кс. Завальнюк, распачынаючы літургію. Па словах пробашча парафіі, «мала, каб мы былі толькі добрымі жыхарамі нашай бацькаўшчыны, Беларусі», — калі «мы яднаемся ў адну духоўную, хрысціянскую сям’ю, то яшчэ больш адчуваем гэты маналіт нашага народа».

Святар заахвоціў усіх прысутных памаліцца за дзяцей і моладзь, для якіх гэты дзень быў асабліва ўрачыстым.

У гаміліі кс. Уладзіслаў Завальнюк адзначыў: «Сёння мы збіраемся ў гэтай святыні, просячы благаслаўлення для нашых дзяцей і моладзі — будучыні нашага народа». У касцёле, дадаў святар, «мы вучым самае дарагое, што ў нас ёсць, — дзяцей». Пробашч парафіі заклікаў бацькоў «прыслухацца да слова Божага», «ісці па жыцці з Божым благаслаўленнем», клапаціцца аб тым, каб «нашы дзеці ўзрасталі ў любові Пана».

«Вы, шаноўныя бацькі, выконваеце святы абавязак, бо Хрыстус кажа: „Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне“», — з такімі словамі звярнуўся кс. Завальнюк да бацькоў, дадаўшы: «Вы ішлі да шлюбу, адчуваючы гэтую святую адказнасць — перадаць веру вашым дзецям». Як падкрэсліў святар, у школах, універсітэтах і іншых навучальных установах дзеці будуць мець інтэлектуальную адукацыю, а «шанаваць мір, быць сумленнымі, добрымі людзьмі вучыць нядзельная школа».

«Няхай у гэты дзень Божая ласка напаўняе нас радасцю», — пажадаў пробашч парафіі ўдзельнікам святой Імшы і заклікаў маліцца таксама за катэхетаў, каб яны «змаглі перадаць дзецям Божую любоў».

Пасля літургіі перад Чырвоным касцёлам адбылася ўрачыстая лінейка і благаслаўленне на адкрыццё нядзельнай школы. Да прысутных звярнулася дырэктар нядзельнай школы. Таксама былі асвечаны школьныя прылады.

Анастасія Грышан



 

 
© 2003-2024 Catholic.by