У Бялынічах прайшоў фэст Маці Божай | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.09.2012 17:15
У парафіі Маці Божай Бялыніцкай 15 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай, адбыўся парафіяльны фэст. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў вікарый магілёўскай катэдры Віталій Бурко.

На ўрачыстасць сабраліся вернікі парафіі ў Бялынічах, а таксама дэлегацыя парафіянаў Магілёва. Адмысловую аўтобусную пілігрымку ў Бялынічы зладзілі і ўдзельнікі Клуба каталіцкай інтэлігенцыі.
 
Бялынічы некалі славіліся як «беларуская Чэнстахова». Абраз Мацi Божай, якi знаходзiўся ў тутэйшым касцёле кармэлiтаў, у ХVІІІ–ХІХ стст. збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй з далёкіх ваколіцаў.
 
На працягу ХVІІ–ХІХ стст. бялынiцкi абраз з'яўляўся прататыпам для многiх копiй. Пашыраць яго культ павiнны былi перш за ўсе кармэлiты. Вядомы з 1682 г. цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай у іх варшаўскiм касцёле на Лешне загiнуў у паўстанні 1944 г. Існавала кніга яго цудаў за 1725–1836 гг. Інвентар магiлёўскага кармэліцкага касцёла за 1693 г. згадвае цудатворны абраз Маці Божай з каронамi i мноствам вотаў.
 
У гады вайны абраз захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеі, адкуль знiк у час вайны 1941–1945 гг. Сёння яго месцазнаходжанне невядомае (падрабязней гл. у часопісе «Наша вера»).
 
(JLS) 
 
© 2003-2021 Catholic.by