У парафіі Божага Цела прайшла сустрэча свецкіх кармэлітаў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.09.2012 15:34
22 верасня ў мінскай парафіі Божага Цела (вул. Герасіменкі, 8) прайшла першая пасля летняга перапынку сустрэча членаў Трэцяга ордэна кармэлітаў босых. «Святы Ян ад Крыжа як чалавек» — такой была тэма даклада, над якой разважалі тэрцыярыі.
 
Сустрэчу распачала малітва з Літургіі Гадзін. Пасля яе завяршэння свецкія кармэліты чувалі на гадзіннай малітве ў Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля абеду сустрэчу працягнулі Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
 
Асаблівая ўвага падчас чытання статута свецкіх кармэлітаў была ўдзелена фармацыі ў школе Кармэлю. Разважаючы над прынцыпамі кармэлітанскай духоўнасці, тэрцыярыі звярнулі асаблівую ўвагу на духоўнае кіраўніцтва ў супольнасці, а таксама абмеркавалі практычныя аспекты пытання. 
 
«Усе разам і кожны паасобку, адпаведна са сваімі здольнасцямі, мы павінны ажыўляць свет „духоўнымі пладамі” і напаўняць яго духам, які ажыўляе ўбогіх, лагодных і пакорных, „якіх пан ў Евангеллі называе шчаслівымі”», — гаварылася ў статуце. Як свецкія кармэліты, сыны і дочкі Тэрэзы ад Езуса і Яна ад Крыжа пакліканы «быць у свеце сведкамі ўваскрасення і жыцця Пана Езуса і знакам Бога жывога» праз малітоўнае жыццё, евангелізацыю і сведчанне хрысціянскай і кармэлітанскай супольнасці.
 
Асобе св. Яна ад Крыжа быў прысвечаны даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD, з якім ён выступіў перад тэрцыярыямі. Пяты па ліку даклад, прысвечаны постаці св. Яна ад Крыжа, абапіраўся на некалькі складнікаў: знешні выгляд законніка, характар св. Яна ад Крыжа і духоўныя прынцыпы, згодна з якімі ён жыў.
 
«Ён заўсёды меў у сабе асаблівы дар ператвараць рэчы з непрыемных у прыемныя. Ён быў чалавекам ўнутранай гармоніі і глыбокага духу, адначасова яго асабовасць была простай і даступнай для тых людзей, хто яго акружаў, — адзначыў а. Пётр Фраштэнга OCD. — Адзін з найбольш верагодных сведкаў, Магдалена ад Святога Духа, успамінае: „…тое, што мне найбольш захапляла ў асобе св. Яна ад Крыжа, — гэта яго пакора, злучаная з вялікай адвагай і мужнасцю“». А яшчэ ў ім захапляла адрачэнне ад зямных прывязанасцяў, ад усяго таго, што не з’яўляецца Богам, і «ўменне адносіцца да іншых людзей з разуменнем, далікатнасцю і вялікай лагоднасцю»…
 
Поўны тэкст даклада тут>>>
 
Заключнай часткай сустрэчы свецкіх кармэлітаў стала супольная малітва Нешпарамі, якая дапоўнілася ружанцовай малітвай. У завяршэнне свецкія кармеліты прынялі ўдзел у вечаровай святой Імшой і малітве праслаўлення. Тэмай наступнай сустрэчы якая запланавана на 13 кастрычніка, стане асоба св. Яна ад Крыжа як чалавека веры.
 
Ілья Лапато

 
© 2003-2022 Catholic.by