Падарожа вілейчан па святынях Смаргоншчыны і Астравеччыны | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.10.2012 10:27

29 верасня вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа з Вілейкі здзейснілі пілігрымку па святынях Смаргоншчыны і Астравеччыны. Асноўнай мэтай пілігрымкі было наведванне Кальварыі Маці Божай Балеснай у ваколіцы лясной вёскі Дубок бліз Жодзішак.

Пілігрымка распачалася святой Імшой у драўлянай капліцы, якая стаіць у атачэнні дубоў на лясным узгорку. Гэтае месца ў народзе называюць Курганам Святой Марыі, а капліцу — Курганнай. Пабудавана яна была ў 1928–1929 гг.

У грамаце на адкрыццё капліцы напісана: «Пабудавана агульнымі намаганнямі і стараннямі ксяндза Рамуальда Дроніча пры дапамозе і вялікай ахвярнасці пабожных парафіян, мясцовай інтэлігенцыі і настаўніцтва, пад заклікам Маці Божай Нястомнай Дапамогі». У першую нядзелю ліпеня тут кожны год адбываецца фэст. Цяжка словамі перадаць пачуцці пілігрымаў падчас святой Імшы, якія апынуліся ў атмасферы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Да гэтага часу капліца асвятляецца толькі свечкамі, драўляная падлога заслана даматканымі посцілкамі, а ўнутры вітае пах абчасаных бярвенняў, высахлага моху, зёлак.

Пасля Імшы пілігрымы вырушылі на Кальварыю. Зарослая лясная сцяжынка ўздоўж маляўнічага берага Віліі выводзіць да высокай брамы з каменя і цэглы, нібы брамы ў вечнасць праз заступніцтва нашай Нябеснай Маці. Тут і распачынаецца Кальварыя, якая налічвае 7 прыпынкаў — стацый смутку Маці Божай — і доўжыцца каля 2 кіламетраў. Створана яна была ў 1936 годзе вернікамі жодзішскай парафіі пад кіраўніцтвам кс. Рамуальда Дроніча. Некаторыя стацыі пазначаны толькі старымі дубовымі крыжамі. Але  вельмі адметнай з’яўляецца трэцяя стацыя. Яна пабудавана над крынічкай на высокім беразе Віліі. Гэта грот з палявых каменняў, у якім устаноўлена фігура Маці Божай. Старэйшыя людзі распавядаюць аб тым, што калісьці на гэтым месцы было аб’яўленне Маці Божай, а потым забіла крыніца, вада ў якой мае гаючую сілу. Цікавай у архітэктурным вырашэнні стала і шостая стацыя Кальварыі. Яна ўяўляе невялікую па памеры, вымураваную з цэглы і валуноў капліцу пад тытулам Маці Божай Балеснай.

Штогод у першую нядзелю ліпеня дубоцкая Кальварыя збірае на ўрачыстасць люд верны. Тут праходзіць працэсія, на якую збіраюцца вернікі не толькі навакольных вёсак — прыязджаюць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі і нават Літвы.

Вельмі нямногія ведаюць пра прыгожую мясціну на беразе Віліі, дзе каля 80 год таму паўстала марыйная Кальварыя. Варта наведаць гэты цудоўны куток нашай беларускай зямлі, каб падзякаваць Пану Богу за тое, што маем Нябесную Маці, ушанаваць Панну Марыю і дзякаваць ёй за апеку над намі падчас зямной пілігрымкі.

Пасля вілейчане наведалі касцёлы ў Жупранах, Міхалішках, Варнянах, Гервятах, Солах. Дзень быў напоўнены малітвамі, уражаннямі, разважаннямі і сюрпрызамі. У Міхалішках пілігрымы нечакана сустрэліся з біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам і атрымалі благаслаўленне, у Варнянах разам з мясцовым пробашчам маліліся перад адкрытым абразом Маці Божай Успамогі Верных, у Гервятах слухалі арганны канцэрт. Падчас ружанцовай малітвы ў кожным касцёле падарожнікі дзякавалі Богу за прыгожы пілігрымкавы дзень, за тое, што ўбачылі і перажылі.

Галіна Аляшкевіч

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by