Парафіяльнае свята Маці Божай Ружанцовай адзначылі ў Лошыцы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.10.2012 14:16

У нядзелю 7 кастрычніка, калі Каталіцкі Касцёл адзначае свята Маці Божай Ружанцовай, вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску святкавалі парафіяльную ўрачыстасць. Як падкрэсліў пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч, сёлета гэтае свята для парафіяльнай супольнасці асаблівае, бо ў гэтым годзе на ўрачыстасць святога Юзафа прыпала 15-годдзе рэгістрацыі парафіі.

Таксама Ордэн айцоў міхалітаў, які працуе ў Лошыцы і да якога належыць кс. Генадзь Кухарэвіч, адзначае 100-годдзе смерці свайго заснавальніка, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. З гэтай нагоды пробашч перадусім падзякаваў святым Марыі і Юзафу за апеку над парафіяй.

Гасцямі свята ў гэты дзень былі святары мінскіх касцёлаў, вернікі розных парафій, а таксама прадстаўнікі гарадскіх уладаў Мінска. Урачыстую адпустовую святую Імшу ўзначаліў і звярнуўся да вернікаў з Божым словам Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч. Святар падкрэсліў важнасць і значэнне ружанцовай малітвы, заклікаў маліцца на ружанцы і давяраць сваё жыццё Маці Божай Ружанцовай.

Працэсія вакол парафіяльнай капліцы завяршыла ўрачыстую частку святкавання. А на заканчэнне самыя малодшыя парафіяне традыцыйна падарылі сваім маці паштоўкі, вырабленыя ўласнымі рукамі, прымеркаваўшы віншаванне да свята Маці Божай Ружанцовай і Дня маці.

Галіна Абакунчык

 
© 2003-2024 Catholic.by