Незвычайная майстэрня ў Сухараве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.10.2012 16:53

З 19 па 21 кастрычніка ў парафii Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Мiнску (мікрараён Сухарава) адбыўся майстар-клас па сервіроўцы стала, які правялі сёстры ўршулянкі і вучаніцы іх школы ў Пневах (Польшча), створанай у свой час заснавальніцай ордэна св. Уршуляй Ледухоўскай.

Святая Уршуля казала: «Вялікае значэнне мае свядомасць місіі жанчыны ў сучасным свеце і на ёй ляжыць адказнасць за ўзровень сямейнага і рэлігійнага жыцця». Гэтае перакананне з’яўляецца актуальным і сёння. Таму ўзгаданая майстэрня мела за мэту навучыць сваіх удзельнікаў ствараць атмасферу роднага дому, будаваць сувязі, адкрываючыся на іншага чалавека і прысвячаючы яму свой час. Падчас сустрэчы сёстры імкнуліся паказаць, што таксама праз этыкет, дызайн і дэкараванне сталоў з розных нагодаў праяўляецца веліч Бога і падкрэсліваецца каштоўнасць чалавека.

Незвычайнасць і адначасова практычная накіраванасць тэматыкі майстэрні выклікала вялікую зацікаўленасць. У ёй прыняло ўдзел каля 100 асобаў рознага ўзросту. Сустрэчы прайшлі ў васьмі групах па 12–14 чалавек.

Спадзяёмся, што словамі св. Уршулі «каб толькі ўмела любіць» будуць прасякнуты ўсе нашыя справы і ўчынкі на карысць бліжняга, у тым ліку такія, як сервіроўка святочных сталоў.


 
© 2003-2024 Catholic.by