У Клецку сёстры францішканкі ўшанавалі свайго заснавальніка | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.11.2012 12:26

17–18 лістапада парафію Святой Тройцы ў Клецку наведалі сёстры францішканкі Сям’і Марыі з Глыбокага і Варапаева (Віцебская дыяцэзія), каб разам з вернікамі ўшанаваць святога арцыбіскупа Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага, а таксама памаліцца праз яго заступніцтва.

Святы Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі з’яўляецца заснавальнікам Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1822 г. у Ваютыне на Валыні (цяперашняя тэрыторыя Украіны), а яго маці Ева з сям’і Вендорфаў паходзіла з в. Узнога пад Клецкам у Беларусі. Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі часта наведваў святыню ў Клецку, калі ў дзіцячыя і студэнцкія гады прыязджаў да сваіх родных у в. Галынку (каля Клецка). Там і да сённяшняга дня захаваўся падмурак сядзібы і рэшткі капліцы, пабудаванай Вендорфамі ў 1809 г.

Менавіта гэтыя памятныя і важныя мясціны наведалі сёстры ў суправаджэнні Чаславы Князевай, гісторыка, якая ўжо многія гады займаецца вывучэннем роду Вендорфаў. Таксама сёстры пабывалі на могілках у в. Ясянец Ганцавіцкага раёна, дзе знаходзіцца пахавальная капліца роду Вендорфаў, з якога паходзіць святы Зыгмунт, чалавек моцнай веры, які пасля сябе пакінуў вялікую духоўную спадчыну. А прыклад веры і бязмежнага даверу Божаму Провіду ён атрымаў ад сваёй сям’і, а перадусім ад маці.

Кожны ведае, што беларуская зямля багатая на славутых людзей, пра якіх апавядаецца ў гісторыі ці літаратуры. Але яшчэ больш тых, пра каго мы не чулі, але іх жыццё было высакародным і прынесла стакротны плён, як зерне, кінутае ў добрую глебу.

У гэтых цудоўных мясцінах сёстры пабывалі дзякуючы кс. Адаму Самсэлю MSF, пробашчу парафіі Святой Тройцы ў Клецку, які запрасіў іх, каб разам памаліцца і распавесці аб сваёй працы ў Беларусі і аб асобе святога заснавальніка кангрэгацыі. Падчас Эўхарыстыі быў агучаны рэферат на тэму «Вера ў жыцці святога арцыбіскупа Фелінскага». Пасля сёстры прадставілі прэзентацыю аб Кангрэгацыі Францішканак Сям’і Марыі і яе дзейнасці. Прагучала шмат гісторый, звязаных з постаццю святога, але найважнейшай была супольная святая Імша і малітва, якую ўсе разам узносілі да Бога праз заступніцтва святога. У сэрцы кожнага, напэўна, было шмат просьбаў і вера ў Божую моц і апеку святога.

На заканчэнне прысутныя маглі ўшанаваць рэліквіі святога арцыбіскупа Фелінскага, якія зусім нядаўна былі прывезены з Варшавы.

С. Марына Брылёнак
     

 

 
© 2003-2024 Catholic.by