Пробашч парафіі ў Свіры: наш апякун, св. Мікалай, натхняе займацца дабрачыннасцю | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.12.2012 17:11 |
На працягу некалькіх гадоў парафіяне аплочваюць школьныя абеды для дзяцей з найбольш бедных сем’яў (сёлета такіх дзяцей 12), дапамагаюць дзецям са школы выехаць на адпачынак па праграмах дабрачыннага фонду «Карытас», ужо набылі посуд у сталовую. «Мы не падзяляем дзяцей на школьных і касцёльных», — адзначыў карэспандэнту Catholic.by пробашч парафіі Святога Мікалая кс. Багуслаў Маджэеўскі і дадаў, што працуючы ў парафіі пад такім тытулам, «заўсёды стараецца рабіць акцэнт на дабрачыннасці». 6 снежня, ва ўспамін св. Мікалая, кіраўніцтва школы так спланавала вучэбны дзень, што ўсе настаўнікі і школьнікі змаглі прыйсці на святочную Імшу а 13-й гадзіне. Прыбылі на яе таксама святары з суседніх парафій, а ўзначаліў кс. Аляксандр Барыла, дэкан Вілейскага дэканата і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Вілейка. Падчас гаміліі святар распавёў пра жыццё і лёс святога біскупа Мікалая, зрабіўшы акцэнт на дабрачыннасці — цноце, якой павінна адзначацца жыццё кожнага веруючага чалавека, і жыццё парафіі як супольнасці. Таксама кс. Аляксандр Барыла звярнуўся да дзяцей і моладзі з заахвочваннем да спраў міласэрнасці ў штодзённым жыцці. Пасля святой Імшы дзяцей і моладзь чакаў прыемны сюрпрыз: кожны атрымаў падарунак ад святога Мікалая. Так парафіяльная ўрачыстасць у Свіры аб’яднала людзей рознага веравызнання і нагадала, што быць святым Мікалаем у наш час (бескарысна дапамагаць патрабуючым) можа кожны. Галоўнае ў гэтым — жаданне. Святлана Жылевіч |