Падчас каляднай сустрэчы ў Магілёве душпастыры разважалі пра місійную актыўнасць | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.12.2012 13:24

10 снежня ў магілёўскай катэдры адбылася адвэнтавая пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб з Магілёўскай вобласці. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, звярнуў увагу прысутных на значэнне місійнай актыўнасці і запалу душпастыраў.

Як адзначыў арцыпастыр, рыхтаваць людзей да прыйсця Збаўцы — гэта заданне кожнага хрысціяніна і, безумоўна, заданне святароў. «Аб гэтым вельмі добра нагадвае сённяшняе Евангелле, дзе Езус распавядае пра тое, як чалавек, які меў сто авечак, ідзе шукаць адну, якая заблукала. Гэта воля Нябеснага Айца, каб ніхто не загінуў», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Па словах іерарха, Беларусь, а асабліва Магілёўшчына, якая была «знішчана духоўным Чарнобылем, патрабуе новай евангелізацыі, каб нанава распаліць у людзях агонь веры». «Таму неабходна спытаць у сябе: дзе мая місійная актыўнасць? Дзе мой місійны запал?» — заклікаў іерарх прысутных да разважання і руплівасці ў працы.

Арцыбіскуп заахвоціў таксама вернікаў быць носьбітамі Евангелля ў сваім асяроддзі, каб свет паверыў, што без веры няма збаўлення.

Наступны прыезд Мітрапаліта Кандрусевіча ў Магілёўскую вобласць запланаваны на свята Святой Сям’і. У межах візіту адбудуцца аплатковыя сустрэчы з іерархам:

29 снежня, 16.00 — св. Імша і аплатковая сустрэча з вернікамі ў Бялынічах
30 снежня, 09.00 — св. Імша і аплатковая сустрэча з вернікамі ў магілёўскай катэдры
30 снежня — св. Імша, кананічная візітацыя парафіі ў Шклове; аплатковая сустрэча.

(VGr)

 
© 2003-2021 Catholic.by