Вернікі з Крупак арганізавалі свята для дзяцей-сірот | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.01.2013 15:41

Мы ўсе добра ведаем адказ на пытанне: хто больш за ўсіх чакае свята Божага Нараджэння? Канечне ж, гэта дзеці. Менавіта іх жывыя вочкі захапляюцца маленькім Езусам у яслях, дзіўна ўпрыгожанымі ёлкамі, каляднымі падарункамі. Але становіцца вельмі сумна, калі некаторыя дзеці не могуць у поўнай меры радавацца Калядам.

Таму пробашч парафіі ў Крупках кс. Віталій Маргуноў разам з дзецьмі і моладдзю парафіі вырашылі арганізаваць сапраўднае свята для дзетак з мясцовага сацыяльнага прытулку. Калядная сустрэча мела насычаную праграму. Спачатку дзеткі мелі магчымасць стаць гледачамі цікавай тэатральнай пастаноўкі: яны з захапленнем глядзелі на юных акцёраў, якія старанна выконвалі свае ролі, спявалі і танцавалі.

Пасля спектаклю дзетак запрасілі на салодкі стол, дзе малышы разам з дарослымі дзяліліся аплаткай, выказвалі свае думкі і ўражанні наконт сустрэчы, чыталі вершы. Маленькім гасцям было вельмі прыемна атрымаць падарункі на памяць аб гэтай сустрэчы.

Усяго на свята ў парафію прыехалі сем дзетак. Самаму малодшаму ўдзельніку сустрэчы яшчэ не споўнілася тры гады. Арганізатары спадзяюцца, што іх намаганні прынеслі свае плёны: на дзіцячых тварах зіхацелі радасныя ўсмешкі. Няхай у дзетак, якіх у малым узросце сустрэлі жыццёвыя цяжкасці, застануцца добрыя ўспаміны аб гэтай сустрэчы, няхай шчырыя радасныя ўсмешкі часцей з’яўляюцца на іх поўных надзеі тварах.

Алёна Ярышкіна

 
© 2003-2024 Catholic.by