Вернікі мінскіх парафій сабралі падарункі для дзяцей-сірот | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.01.2013 15:46

Што з таго, што Хрыстус прыйшоў у свет? Навошта святкаваць Божае Нараджэнне, калі мы так і не заўважаем Хрыста ў іншым чалавеку? Добра, што большасць людзей усё ж неабыякавыя да праблем іншых, асабліва дзяцей. І гэта яшчэ раз пацвердзіла дабрачынная акцыя для сірот з прыёмнай сям’і ў Багданаве.

У доме насупраць багданаўскага касцёла жывуць дзевяць дзяцей (ад 4да 19 гадоў) і сёстры з Інстытута кансэкраванага жыцця св. Тэрэзы — с. Алена і с. Тэрэза. Ужо 12 гадоў яны даглядаюць дзяцей, якіх знайшлі згаладалымі на вуліцах вёскі ці ўзялі ў раённым прытулку (аб прыёмнай сям’і ў Багданаве можна прачытаць тут >>>).

У перыяд Божага Нараджэння вернікі дзвюх мінскіх парафій (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве і Святога Яна, евангеліста, і Максімільяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне) па ініцыятыве парталу Catholic.by сабралі сродкі на падарункі для гэтых дзяцей, абутак для іх, хтосьці падараваў камп’ютары, а хтосьці падзяліўся прысмакамі. Выдавецтва «Про Хрыста» прывезла дзецям кнігі, а рэдакцыя нашага парталу дапамагла арганізаваць свята. Да яго ў гэты дзень далучыўся і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч. 

Хочацца верыць, што за перыяд Божага Нараджэння не застанецца ніводнага дзіцячага дома ці інтэрната, у які б не завіталі хрысціяне, каб падзяліцца радасцю і маленькімі падарункамі з дзяцьмі-сіротамі, дзяцьмі-інвалідамі. А калі гэта не так, то што вам перашкаджае ашчаслівіць хоць бы адно дзіця, даць яго вочкам заіскрыцца радасным бляскам?

Святлана Жылевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by