Міністранты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разважалі над духоўнай падрыхтоўкай да Імшы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.01.2013 15:22

На пачатку новага каляндарнага года падчас зімовых вакацый адбыліся сустрэчы Літургічнай cлужбы алтара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэму «Духоўная падрыхтоўка да святой Імшы». Удзельнікі сустрэч мелі магчымасць праслаўляць Бога ў супольнай малітве, прыступіць да сакрамэнту пакаяння і актыўна правесці час.

На гэты раз міністранты і кандыдаты сустрэліся 2 студзеня ў парафіі Св. Юзафа г. Маладзечна, а 3 студзеня — у парафіях Св. Мікалая ў Свіры і Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. У цэлым у сустрэчах прынялі ўдзел каля 120 міністрантаў з Івянца, Пяршаяў, Нясвіжа, Налібакаў, Дзяржынска, Свіслачы, Вілейкі, Маладзечна, Краснага, Свіры, Нарачы, Крывічоў, Шэметава, Дзераўной, Валожына і Мінска.

Сустрэчы распачыналіся супольнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой прысутныя славілі Пана ў Гостыі.

Затым падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі спатканняў маглі з’яднацца з Ахвярай Хрыста — адзінага Збавіцеля свету. Пасля літургіі адбывалася дзяленне аплаткай на знак радасці з таго, што Хрыстус стаўся для нас і дзеля нас чалавекам, а таксама ўзаемнага прабачэння і перапрашэння. А падчас  сустрэчы ў Свіры, паколькі парафія мае за нябеснага апекуна святога біскупа Мікалая, літургічная служба атрымала невялікія святочныя падарункі.

Тэмай канферэнцый стала падрыхтоўка міністранта да святой Імшы. Кожны з удзельнікаў меў магчымасць падзяліцца асабістым вопытам, набытым у сваёй парафій. Была звернута асаблівая ўвага на тое, што без добрай падрыхтоўкі немагчыма належным чынам удзельнічаць у Эўхарыстыі свядома, актыўна, а перад усім — плённа.

Сустрэчы закончыліся сумеснай малітвай пры ясельках Нованароджанага Збаўцы.

Кс. Андрэй Кеўліч

 
© 2003-2024 Catholic.by