Чым прывабліваюць «Вечары для закаханых»? | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.01.2013 15:34

Вось і завяршыліся рамантычныя сустрэчы, уручаны асаблівыя пасведчанні і пяць шчаслівых пар сталі бліжэй да сумеснай будучыні. У Чырвоным касцёле 15 студзеня адбылася заключная  сустрэча «Вечароў для закаханых».

А ўсё пачыналася позняй восенню, у лістападзе, калі аніматары руху «Сужэнскія сустрэчы» арганізавалі першы вечар для 5 пар юнакоў і дзяўчат, якія жадалі ў сценах Чырвонага касцёла падрыхтавацца да магчымай сумеснай будучыні па праграме «Вечары для закаханых». Маладыя людзі імкнуліся распазнаць сваё пакліканне, Божы план для іх. Праграма «Вечароў» пабудавана якраз для гэтага — шляхам дыялогу разабрацца ў сваіх пачуццях, адкрыць у праўдзе сябе і каханага/каханую, зразумець пазіцыю Касцёла ў пытаннях шлюбу і сям’і, прыняць важныя рашэнні на будучыню.

Кожны тыдзень адзін вечар быў прысвечаны паглыбленню дыялогу і ўзаемапаразумення — паглыбленню любові. На апошнім «Вечары» многія ўдзельнікі дзяліліся, што яны чакалі кожную сустрэчу з нецярпеннем і хваляваннем — што новага яны змогуць адкрыць у сваім каханым чалавеку.

«Вечары для закаханых» дапамагаюць глядзець на сябе і іншага чалавека ў праўдзе, без «ружовых акуляраў», што так характэрна для перыяду закаханасці. І, напэўна, для гэтага патрэбная смеласць, рашучасць быць праўдзівым перад любімым чалавекам. Безумоўна, патрэбная смеласць і для таго, каб заявіць, што «мы — пара» перад іншымі, не хаваць сваёй закаханасці. Але на «Вечарах» не трэба дзяліцца сваімі пачуццямі з чужымі людзьмі — усё адбываецца паміж закаханымі. Дзеляцца аніматары — сямейныя пары і духоўныя асобы — сваім досведам, сваім жыццём. Важнай часткай з’яўляецца сустрэча з сямейным кансультантам, на якой падымаюцца пытанні планавання сям’і. Таму пары, якія прайшлі гэтыя сустрэчы, становяцца багацейшымі, больш падрыхтаванымі да сумеснага жыцця.

Чарговы выпуск «Вечароў для закаханых» адбыўся з радасцю і спадзяваннем, што ў гэтых прыгожых пар усё складзецца найлепшым чынам, г.зн. згодна з Божым планам. Аніматарам застаецца чакаць радасных навін аб заключаных шлюбах, запрашаць ужо маладыя сужэнствы на рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» і рыхтавацца да новых «Вечароў для закаханых», якія неўзабаве распачнуцца і ахопяць новыя пары, што жадаюць будаваць сваю будучыню з Богам.

Аніматары Іван і Алена Лубінскія


 
© 2003-2022 Catholic.by