Зацемка
Памылка
З гісторыі капліцы Палаца Радзівілаў у Нясвіжы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.01.2013 14:25

Доўгі час Нясвіжскі замак выконваў перш за ўсё абарончыя функцыі, таму меў толькі невялікую капліцу ў вежы над уязной брамай. У пачатку XVIII ст. уладар замка Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» задумаў перабудаваць сваю рэзідэнцыю, каб яна лепш адлюстроўвала магутнасць роду.

Планы Рыбанькі ўключалі і будаўніцтва асобнага памяшкання для палацавай капліцы. Паводле яго задумы, у капліцы павінен быў знаходзіцца шанаваны абраз Божай Маці Ларэтанскай, які ён атрымаў ад нашчадкаў караля Яна Сабескага.

Як капліца стала сталярняй

У 1683 годзе Ян Сабескі узначальваў кааліцыю хрысціянскіх дзяржаў супраць Асманскай імперыі ў бітве пад Венай. Пасля бітвы вялікі гетман каронны Станіслаў Ябланоўскі аглядаў наваколле і выпадкова знайшоў пад абломкамі абраз. Ён дастаў яго, ачысціў і ўбачыў выяву Маці Божай з Немаўляткам і двух анёлаў побач. Анёлы прадвяшчалі перамогу Яну (гэта было імя караля на лацінскай мове), акрамя таго, Ябланоўскі даведаўся, што перад ім — абраз Маці Божай Ларэтанскай, якую асабліва шанавалі Сабескія. Ён неадкладна даставіў абраз каралю, і той распарадзіўся заўсёды вазіць абраз з сабой.

Пасля смерці караля абраз захоўваўся ў Жоўкаўскім замку, а калі род Сабескіх спыніўся, замак разам з шанаваным абразам перайшоў да Рыбанькі. Яшчэ ў XVIII стагоддзі падрабязную гісторыю здабыцця абраза запісалі на каменную табліцу, якая сёння размяшчаецца каля алтара. Табліца дайшла да нашых дзён дзякуючы таму, што яе захавалі вернікі парафіі Божага Цела.

18 чэрвеня 1758 г. капліцу ўрачыста асвяціў біскуп Жамойцкі Антоні Дамінік Тышкевіч. На асвячэнні прысутнічалі знакамітыя госці з усёй Рэчы Паспалітай, а таксама Радзівілы — сваякі Рыбанькі. 
Пасля таго, як у 1812 годзе Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, расійскія ўлады канфіскавалі замак, а ў памяшканні капліцы размясцілі сталярную майстэрню.

{gallery}2013-01-18-niasvizh{/gallery} Рэстаўрацыя

У 1878 годзе Антоні Вільгельм Радзівіл і Марыя Дарота дэ Кастэлян пачалі аднаўленне палаца пасля паўвекавога запусцення. У ліку іншых работ пачалося аднаўленне капліцы. З тых часоў капліца зноў дзейнічала. Вядома, што ў 1920-я гады князь Альбрэхт Радзівіл заключыў дамову з парафіяй Божага Цела, каб у капліцы перыядычна служылася Імша.

Пасля Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаўся санаторый, а там, дзе зараз капліца, — размяшчаліся лячэбныя памяшканні (палаты, працэдурныя пакоі і кабінеты дактароў). У 2011 годзе пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ капліца набыла першапачатковы выгляд. 

Памяшканне капліцы адноўлена па фатаграфіях канца XIX — пачатку XX стагоддзя. У прыватнасці, на сценах адноўлены ерузалемскія крыжы. Рыбанька размясціў іх у памяць пра тое, што яго продак Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю і стаў рыцарам Ордэна Святога Гробу Пана Іерусалімскага, чыёй эмблемай з'яўляецца гэты крыж.

Сёння ў капліцы захоўваецца таксама копія абраза Маці Божай Ларэтанскай.

Паводле інфармацыі, прадастаўленай
Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж» 

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by