Моладзь магілёўскай парафіі наведала выхаванцаў школы-інтэрната ў Шклове | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2013 11:00

22 студзеня моладзь магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пад кіраўніцтвам ксяндза вікарыя Віталя Бурко завітала ў госці да выхаванцаў шклоўскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

Сустрэчу дапамог арганізаваць пробашч парафіі Св. Пятра і Паўла ў Шклове ксёндз Дзмітрый Іваноў.

Моладзь падрыхтавала для дзяцей невялікі спектакль пра падзеі, якія адбыліся ў святую ноч Нараджэння Езуса Хрыста. Дзеці з зацікаўленасцю сачылі за падзеямі, якія адбываліся на сцэне, спачувалі героям і прымалі ўдзел у разважанні аб лёсе Дзіцятка Езуса. Пасля спектакля кожны маленькі глядач атрымаў салодкі падарунак ад дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».

Госці з Магілёва таксама без падарунка не засталіся. Юныя майстры школы-інтэрната падаравалі ім прыгожае пано з бісеру, якое зрабілі ўласнымі рукамі.

Да маладых самадзейных артыстаў з цёплымі словамі падзякі звярнулася дырэктар школы-інтэрната Інга Аляксандрава, якая падкрэсліла, што для яе выхаванцаў асабліва важна знаёміцца са Святым Пісаннем, а таксама адчуваць на сабе дзейснасць біблейскіх урокаў любові да бліжняга, і запрасіла моладзь часцей наведвацца ў госці да іх.

Яна  Шумская
 
© 2003-2024 Catholic.by