Мінск: кармэліты свецкія разважалі над вучэннем св. Яна ад Крыжа | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.01.2013 16:51

26 студзеня 2013 года ў капліцы Маці Божай Шкаплернай у Мінску адбылася фармацыйная сустрэча свецкага ордэна кармэлітаў босых (OCDS) з удзелам кандыдатаў да ўступлення ў ордэн.

Такія штомесячныя сустрэчы — гэта час супольнай малітвы, знаёмства з канстытуцыяй і статутам свецкага ордэна, абмеркавання бягучых хвалюючых пытанняў. Гэта таксама час знаёмства з кармэліцкаю духоўнасцю дзякуючы канферэнцыям а. Пятра Фраштэнгі OCD, у якіх святар набліжае постаці і вучэнне святых Кармэлю.

У апошняй канферэнцыі — чарговай у цыкле, прысвечаным вучэнню св. Яна ад Крыжа, — айцец кармэліт узняў пытанне пра тое, ці можа св. Ян ад Крыжа, вучэнне якога здаецца такім складаным і цяжкім для наследавання, прывабліваць маладых людзей. На самой справе гэта «святы для тых, хто хоча змяніць сваё жыццё» — таму што св. Ян ад Крыжа, які заўсёды радыкальны ў сваёй любові да Бога і ўражлівы на ідэалы, ведае таксама чалавечыя слабасці; ён вучыць аналізаваць балючыя моманты ў жыцці і падымацца з кожнага ўпадку, каб ісці да Бога. І не трэба нічога баяцца, патрэбна адно — любіць. Любоў да Бога дадае сілы.

Кульмінацыйным момантам гэтага дня стала Эўхарыстыя, падчас якой удзельнікі сустрэчы стараліся ўслухоўвацца ў слова Божае, каб яно асвяціла наш розум; ахвяравалі свае турботы і цярпенні, свае сумненні і радасці Пану Богу, каб Ён перамяніў іх у дары свайго Сына, якога мы з удзячнасцю прымаем у святой Камуніі і які дае нашым сэрцам новыя сілы, спакой і любоў.

(IB)

 
© 2003-2024 Catholic.by