Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўспамін св. Блажэя: праз хрысціянскае жыццё будаваць Божае Валадарства | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.02.2013 15:35

3 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін святога Блажэя, біскупа і мучаніка, і ўдзяляецца благаслаўленне, якое ахоўвае ад хваробаў горла.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіў увагу на евангельскім фрагменце пра падзеі ў сінагозе ў Назарэце і пачатак публічнай дзейнасці Езуса. Гэты фрагмент «прадстаўляе таямніцу непрыняцця Езуса і супярэчнасці, якія будуць суправаджаць Яго праз усё жыццё, перад тым як Ён стане святлом народаў і славай Ізраэля». У той жа час «у цэнтры паслання Езуса знаходзіцца любоў, якая ніколі не мінае, усё зносіць, на ўсё спадзяецца і ўсё церпіць». Пасланне і збаўленне Езуса Хрыста, дадаў арцыбіскуп, заўсёды актуальнае, і «Яго ласка прыходзіць да нас праз Касцёл, які з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення».

Мітрапаліт падкрэсліў, што хрысціянам «важна зразумець, што іх статус патрабуе «прысвяціць саміх сябе, наш час і нашы магчымасці, каб на прынцыпах Евангелля будаваць новы свет». Вернікі «праз сваё сапраўды хрысціянскае жыццё павінны будаваць Божае Валадарства на гэтай зямлі, Валадарства святасці, жыцця, праўды, ласкі, справядлівасці, любові і міру». Божае Валадарства — гэта «прыняцце асобы Езуса Хрыста і выконванне Яго волі».

Як дадаў іерарх, адным з тых, хто такім чынам будаваў Божае Валадарства, быў святы Блажэй — біскуп і мучанік, якога ў гэты дзень успамінае Касцёл. Мітрапаліт узгадаў гісторыю жыцця гэтага святога, які быў закатаваны за тое, што не адрокся ад хрысціянства. У дзень яго ўспаміну асвячаюцца скрыжаваныя свечкі — «блажэйкі», якімі благаслаўляецца горла.

«Мы дзякуем Богу за дар мовы і дар голасу. Аднак гэты дар можна выкарыстаць па-рознаму — для дабра і зла. Можна яго выкарыстаць для абвяшчэння Евангелля, але можна і для барацьбы з Евангеллем», — заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, просячы ў малітве аб тым, «каб мы належным чынам выкарыстоўвалі дар голасу, не для пракляцця, але для благаслаўлення; не для прапаганды насілля, але для абвяшчэння любові да Бога і чалавека; не для адмаўлення ад Бога, але для Яго абвяшчэння і будавання Божага Валадарства на нашай зямлі».

Поўны тэкст гаміліі тут>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by