У Назарэце будзе ўсталявана мазаіка з выявай Маці Божай Будслаўскай | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.02.2013 11:56

Са Святой Зямлі атрыманы дазвол на ўсталяванне мазаічнага абраза Маці Божай Будслаўскай у санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Назарэце. Падчас перамоваў з айцамі францішканамі, якія апякуюцца санктуарыем, была дасягнута дамоўленасць аб тым, што абліччы Маці Божай і Дзіцятка Езус будуць выкананы з керамікі.

2 лютага адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з беларускімі майстрамі, якія будуць займацца праектам і выкананнем самой мазаікі. Паводле абранай канцэпцыі, унізе будзе змешчана выява будслаўскай базылікі, уверсе — абраз Маці Божай. Мазаіка будзе мець памеры 2 метры ў вышыню і 70 сантыметраў у шырыню.

Галоўным каардынатарам праекту прызначаны кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікае да малітвы, каб дадзеная ініцыятыва была рэалізавана і ўжо ў юбілейным 2013 годзе (400-годдзе прыбыцця абраза Маці Божай у Будслаў) мазаіка была ўсталявана ў санктуарыі ў Назарэце.

Даведка
У санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Назарэце прадстаўлены мазаічныя абразы з выявамі Мадоннаў — апякунак розных краін свету: Непала, Грэцыі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы і інш.

(VGr)

Фота кс. Антонія Клімантовіча і Алега Глекава

 
© 2003-2024 Catholic.by