Мітрапаліт Кандрусевіч падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску: адстаўка Папы не мае нічога супольнага з выдуманымі прароцтвамі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.02.2013 16:53

Чарговая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адбылася ў Мінску ў дзень сыходу папы Бэнэдыкта XVI — 28 лютага. Узначаліў сустрэчу і святую Імшу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Гамілію арцыпастыр прысвяціў асобе Пантыфіка, які «заўсёды жыва цікавіўся сітуацыяй Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне». «У Бэнэдыкце XVI Бог даў Касцёлу выдатнага Наступніка святога Пятра, пастыра, тэолага, экуменіста і міратворцу, які стаў голасам сумлення сучаснага свету. Бэнэдыкт XVІ быў сапраўдным Айцом для ўсіх нас», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Іерарх падкрэсліў, што адстаўка Папы не мае нічога супольнага з выдуманымі прароцтвамі і прадказаннямі: «Усе прароцтвы завяршыліся з апошняй старонкай Святога Пісання. Аб’яўленні і прароцтвы павінны быць афіцыйна прызнаны такімі Касцёлам».

Арцыбіскуп заклікаў арганізаваць у парафіях малітву за папу Бэнэдыкта XVI і за выбары новага Пантыфіка.

Сёння Імша падзяка за служэнне Пантыфіка адбудзецца ў мінскай архікатэдры, і яе ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Акрамя гэтага, 25 лютага каталіцкая супольнасць Беларусі даведалася пра адстаўку аднаго са сваіх іерархаў — біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, прычынай чаму стала хвароба. «Касцёл у Беларусі ўдзячны біскупу Уладзіславу Бліну за яго служэнне, і нам неабходна маліцца за яго здароўе», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. Апостальскім адміністратарам Віцебскай дыяцэзіі на час sede vacante прызначаны кс. прэлат Францішак Кісель.

Канферэнцыю да прысутных прамовіў кс. Андрэй Далянскі. Сваё разважанне святар базаваў на Апостальскім лісце Бэнэдыкта XVI «Porta fidei» («Брама веры»), апублікаваным да Года веры. Святар прапанаваў прысутным паразважаць над тым, што павінны рабіць духоўныя асобы, каб добра перажыць Год веры і ўвогуле ўсё жыццё. Як адзначыў, сёння людзі чакаюць ад духоўных асоб падвойнага сведчання: рэлігійнага і чалавечага. Ксёндз Далянскі таксама прывёў словы св. Караля Барамэя: «Ад святара патрабуюцца анёльскія звычаі ў паводзінах».

У межах пастаяннай фармацыі кс. Станіслаў Вашкевіч SAC прамовіў канферэнцыю, прысвечаную інстытуту сям'і. Зыходзячы са статыстычных даных, святар прадставіў партрэт сям’і ў нашай краіне, і нагадаў, што Касцёл пакліканы дапамагаць сем’ям быць санктуарыямі жыцця, дапамагаць ім штодзённа выракацца злога і выбіраць Езуса.

Падчас сустрэчы былі аб'яўлены найважнейшыя падзеі на бліжэйшы час.

(VGr)

 
© 2003-2022 Catholic.by