Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у мітынгу-рэквіуме ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.03.2013 16:04

22 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у мітынгу-рэквіуме ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», прысвечаным 70-годдзю з часу хатынскай трагедыі. Роўна 70 гадоў таму, 22 сакавіка 1943 г., фашысцкія карнікі спалілі вёску. У агні загінула 149 чалавек.

У 1969 г. на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь» як сімвал знішчэння нацыстамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі СССР. Мемарыяльны комплекс займае плошчу каля 50 гектараў. У цэнтры кампазіцыі мемарыяла — бронзавая скульптура «Непакораны чалавек» з мёртвым дзіцём на руках.

Былая вуліца вёскі выкладзена жалезабетоннымі плітамі пад колер попелу. На тэрыторыі мемарыялу знаходзіцца таксама Вечны агонь.

Падчас сённяшняга мітынгу-рэквіуму глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў зачытаў зварот Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 70-й гадавіны хатынскай трагедыі. «Сёння мы нізка схіляем галовы, узгадваючы сумную дату ў гісторыі беларускага народа — 70-ю гадавіну хатынскай трагедыі, — гаворыцца ў звароце. — Беларусь, якая не раз перажыла пекла вайны і іншаземнай акупацыі, заклікае аб’яднаць намаганні ўсіх людзей добрай волі ў барацьбе супраць насілля і тэрору, за мір, за права кожнага народа ісці ўласным шляхам і самому абіраць свой лёс. Мы ніколі не забудзем імёны тых, хто аддаў жыццё дзеля нашай Айчыны».

Са словам да прысутных звярнуўся епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Наш смутак і перажыванні — гэта толькі слабы водбліск таго вялікага смутку, тых душэўных і цялесных пакутаў, якія зведалі жыхары Хатыні ў апошні дзень свайго жыцця. Нашы ўспаміны пабуджаюць нас да дзеянняў — актыўных дзеянняў у захаванні міру, каб мы былі годныя памяці загінуўшых і каб у сваю чаргу наша памяць пра загінуўшых пабуджала нас да таго, каб ніколі падобныя трагедыі не здзяйсняліся», —сказаў праваслаўны іерарх.

«70 гадоў таму разыгралася тут трагедыя, — адзначыў у сваім звароце Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — 149 чалавек былі зажыва спалены. Невіноўныя аддалі сваё жыццё за тое, каб мы маглі сёння жыць, за тое, каб чалавек далей мог будаваць новае жыццё, новы свет. Напэўна, не адзін з нас сёння спытаецца: „Божа, дзе Ты быў тады? Куды Ты глядзеў, калі ўчынялася такое беззаконне? Чаму Ты маўчаў?“ На гэтае пытанне я хацеў бы адказаць таксама іншым пытаннем: а дзе быў ты, чалавек? Бог пакінуў табе свой закон, наказаў любіць бліжняга, не забіваць — але ты забыўся пра гэта, і сталася трагедыя. Сёння мы збіраемся на гэтым месцы ў 70-ю гадавіну вялікай хатынскай трагедыі. Мы ўспамінаем тых, якія загінулі тут і ў іншых месцах нашай краіны, успамінаем гэтую трагедыю не для таго, каб раздзіраць ужо загоеныя раны і нанова пасыпаць іх соллю, але каб такое ніколі больш не паўтарылася. І сёння мы заклікаем добрага і міласэрнага Бога: прымі ў сваё Валадарства ўсіх тых, якія нявінна загінулі, і дай нам ласку, каб мы маглі будаваць цывілізацыю жыцця, любові, перамагаць зло дабром, каб мы неслі гэтае святло любові — любові да кожнага чалавека ў гэты свет. Няхай памяць аб тых, якія нявінна загінулі, будзе ўрокам для кожнага з нас, які не павінен прайсці надарма, урокам, з якога мы павінны вучыцца, каб ніколі такая трагедыя не паўтарылася».

Затым Мітрапаліт і пробашч мінскай парафіі Святога Сымона і святой Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк прамовілі малітву аб загінуўшых.

Таксама іерарх і іншыя ўдзельнікі мітынгу-рэквіуму ўсклалі кветкі да Вечнага агню.

Анастасія Грышан

Глядзі таксама: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на 70-годдзе трагедыі ў Хатыні: калі ў сэрцы будзе мір — вайны не будзе

 
© 2003-2025 Catholic.by