У Чырвоным касцёле ў Мінску змешчаны рэліквіі бл. Яна Паўла ІІ | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.04.2013 01:22

Урачыстае ўнясенне рэліквій благаслаўлёнага Яна Паўла II у мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены адбылося 2 красавіка 2013 г., у 8-ю гадавіну смерці Вялікага Пантыфіка. Рэліквіі будуць захоўвацца ў правым бочным алтары святыні.

Рэлікварый з крывёю благаслаўлёнага па просьбе пробашча парафіі кс. Уладзіслава Завальнюка перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II.

Літургію з нагоды ўрачыстага ўнясення рэліквій узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Святую Імшу канцэлебравалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кс. Уладзіслаў Завальнюк і святары парафіі.

«Год 1978. У Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, пануе пераслед рэлігіі. Здаецца, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць. Але вось з далёкага Рыма прыходзіць нечаканая і такая блізкая нам вестка — кракаўскі кардынал Караль Вайтыла абраны Папам», — узгадаў арцыпастыр пачатак знаёмства ўсяго свету з Папам-славянінам.

Менавіта Ян Павел ІІ, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, «устанавіў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» пасля трох пакаленняў атэізму і вельмі хацеў наведаць нашу краіну. «Не давялося. Аднак сёння з вышыні неба ніхто не можа перашкодзіць яму быць разам з намі», — дадаў іерарх.

Звяртаючы ўвагу на рэлікварый з крывёю благаслаўлёнага, арцыпастыр указаў на сутнасную ролю здаровай крыві ў жыцці чалавека, без якой жыццё немагчыма. «Такой здаровай крывёй для Касцёла на працягу 27 гадоў быў Ян Павел ІІ. Ён, які абсалютна даверыў сябе Уваскросламу і Божай Маці, унёс новы імпульс у жыццё Касцёла і даў яму новую надзею, — падкрэсліў іерарх. — Няхай жа рэліквіі крыві бл. Яна Паўла ІІ заўсёды адраджаюць у нас памяць пра гэтага Вялікага Пантыфіка, каб дзякуючы яго навучанню і прыкладу жыцця і служэння Касцёлу адражалася нашае духоўнае здароўе».

На заканчэнне літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій прысутнымі святарамі і вернікамі.

Даведка: традыцыя ўшанавання рэліквій у Каталіцкім Касцёле паходзіць з першых часоў хрысціянства. Калі здараліся выпадкі мучаніцкай смерці хрысціянаў, іншыя вызнаўцы Хрыста збіралі гэтую кроў на хусціны, бо для іх гэта было сведчанне мужнай веры. У тыя ж часы менавіта каля магіл мучанікаў збіраліся хрысціяне і там цэлебравалі літургію. Асабліва ўшаноўваліся рэліквіі ў часы сярэднявечча. У той час у алтары святыняў абавязкова ўмуроўваліся рэліквіі святых як знак злучэння ахвяры Езуса Хрыста з ахвярамі мучанікаў. Умацоўвалі культ ушанавання рэліквій і шматлікія цуды, якія здараліся з тымі, хто маліўся праз заступніцтва святых. Ушаноўваюцца не толькі рэліквіі мучанікаў, але і святых вызнаўцаў, якія памерлі сваёй смерцю. Рэліквіі дапамагаюць вернікам разважаць пра жыццё святога, маліцца праз яго заступніцтва і мабілізуюць да святасці.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by