Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу за ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.04.2013 20:53

26 кастрычніка 2013 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у мінскім архікатэдральным касцёле святую Імшу ў інтэнцыі ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы, якая здарылася 27 гадоў таму. Іерарх нагадаў аб той ужо далёкай, але адначасова заўсёды актульнай і балючай ядзернай катастрофе, якая моцна закранула Беларусь.

Мітрапаліт нагадаў, што ў выніку Чарнобыльскай катастрофы, якая стала самай вялікай тэхнагеннай катастрофай сучаснасці, 70 % радыёнуклідаў апала на тэрыторыю Беларусі, 15 % насельніцтва краіны ў рознай ступені было падвержана дзеянню радыяцыі, многія месцы жыхарства перасталі існаваць, аб чым прыпамінаюць шматлікія табліцы на нашых дарогах. Шмат людзей было пераселена ў іншыя гарады і вёскі. Вялікія тэрыторыі сталі непрыгоднымі для сельскай гаспадаркі. Такім чынам, быў парушаны як прыродны баланс, так і стыль жыцця многіх людзей, які склаўся гістарычна і традыцыйна.

«Што было прычынай гэтай катастрофы? Чалавечы фактар? Непрадуманы навуковы эксперымент? А можа, не да канца вядомыя чалавецтву ядзерныя працэсы? Сёння на гэта цяжка адказаць, — адзначыў іерарх у гаміліі. — Але факт застаецца фактам: адбылася ядзерная катастрофа, наступствы якой мы будзем адчуваць яшчэ вельмі доўга».

«Гэтая катастрофа, якая прынесла шмат шкоды і цярпенняў, прынесла таксама і вялікія маральныя страты, — дадаў Мітрапаліт. — Яна таксама паказала, што чалавек не можа пакладаць надзею толькі ў развіцці навукі і тэхналогіі. Яму патрэбна і духоўнае развіццё».

Па словах арцыпастыра, Беларусь задоўга да Чарнобыльскай катастрофы «перажыла духоўны Чарнобыль, якім стаў час ганенняў на Касцёл і веру», і «падобна таму, як трэба шмат часу, каб пазбавіцца наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, таксама трэба вельмі шмат часу, каб пазбавіцца наступстваў атэізму». Гэты працэс «яшчэ больш ускладняецца тым, што ў наш час свабоды веравызнання мы маем праявы новага духоўнага Чарнобылю, якім з’яўляецца секулярызацыя».

«Сёння, калі перад чалавецтвам стаіць праблема энергазабеспячэння, бо традыцыйныя крыніцы энергіі змяншаюцца, а запатрабаванні растуць, усё часцей узнімаецца пытанне, будаваць ці не будаваць атамныя электрастанцыі, мы павінны звярнуць увагу на маральнае вымярэнне праблемы — а менавіта на маральнае выкарыстанне дасягненняў навукі і тэхналогіі, і прасіць Бога, каб захаваў чалавенцтва аб новых Чарнобыляў, Фукусім і іншых трагедый, каб мы маглі выкарыстоўваць розныя, у тым ліку і атамныя, крыніцы энергіі на карысць чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Таксама Мітрапаліт Кандрусевіч даверыў ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы Богу і маліўся аб Божай і чалавечай міласэрнасці для іх.

(AG)

 
© 2003-2021 Catholic.by