Рэкалекцыі для дзяцей маладзечанскай парафіі адбыліся ў Лебедзеве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.05.2013 03:56

19–20 і 26–28 красавіка ў Лебедзеве адбыліся рэкалекцыі для дзяцей з маладзечанскай парафіі Св. Казіміра. Разам з сястрой Крыспінай Янецкай MSF і аніматарамі дзеці вучыліся адкрываць каштоўнасць міласэрнасці і дабрыні, адзінства, малітвы і веры, значэнне тых дароў, якія Бог дае кожнаму чалавеку.

Кожны дзень рэкалекцый, што праходзілі ў два этапы, быў прысвечаны асобнай тэме. У першы дзень прыкладам і глебай для разважання быў вобраз міласэрнага самараніна. Для дзяцей ключавым і вельмі яркім момантам было выйсце ў ваколіцы вёсачкі Лебедзева. Падчас вандроўкі маленькія вернікі маглі ўсім, каго Бог спашле ім на дарозе, аказваць учынкі любові і міласэрнасці. Аніматары прызнаваліся, што не ведалі, як будуць рэагаваць людзі, што прыдумаюць дзеці, але тыя справіліся з заданнем вельмі добра. Кожны ўдзельнік вандроўкі меў карткі з надпісамі пра ўчынкі дабрыні і любові, што раздаваліся ўсім спадкаемцам разам з усмешкамі, прывітальнымі словамі і пажаданнямі добрага дня. Жыхары мясцовасці прыхільна ставіліся да гарэзлівых вачэй і гэтых незвычайных учынкаў увагі.

У гэты дзень падчас вечаровай малітвы ў капліцы перад табэрнакулюмам гучалі словы спантаннай малітвы, падзякі і радасці за пражыты дзень. Дзеці дзякавалі за тое, што змаглі ўпершыню прысутнічаць на рэкалекцыях, а я думала, ці яны добра разумеюць гэтае слова. Падчас маіх разваг я нібыта пачула адказ: «Дзякую, Пане Божа, за гэтыя „рэкарэкцыі“, на якія мы прыехалі». Увага зачапілася за слова, якое тлумачыла само за сябе: «карэкцыі душы», змены, выпраўленне.

Наступны дзень распачаўся казкай пра дрэва і яго галіну, якая захацела свабоды і незалежнасці, страціла сувязь з дрэвам і спаткала замест волі і шчасця смерць. Разважанне пра лёс дрэва і галіны перайшло ў разважанне над біблейскім урыўкам пра вінаградную лазу, якой з’яўляецца Хрыстус, і галіны, якімі з’яўляемся мы. Кожны з дзяцей атрымаў заданне дамаляваць на плакаце, на якім было намалявана дрэва, сваю галінку, якую на працягу дня трэба было запаўняць зялёным лісцем — сімвалам учынкаў дабрыні. Засяроджвалася ўвага на тым, як важна быць часткай гэтага вялікага дрэва, мець сувязь са ствалом — Хрыстом, які дае жыццё і прыгажосць кожнай галіне.

Другой часткай дня было разважанне над прыпавесцю пра таланты, якія гаспадар раздаў сваім слугам. Разважаючы над гэтым біблейскім тэкстам, дзеці імкнуліся разам з аніматарамі адкрыць ці ўзгадаць усе тыя дары, якімі Бог адарыў іх. Падчас разважанняў да кожнага дзіцяці падносілася люстэрка, у якім трэба было паглядзець на сябе і ўбачыць дабро і прыгажосць, некаторыя дзеці спачатку адварочваліся, не верачы ў тое, што ў кожным прысутная прыгажосць. Падсумаваннем стаў вечаровы канцэрт — прэзентацыя талентаў, дадзеных Богам, дзе кожны мог падзяліцца імі з сябрамі. Акрамя таго, што дзеці спявалі, танчылі, малявалі, чыталі вершы, яны заўважылі такія дары, як быць адказным і добрым, пяшчотным і верным, смелым і моцным, спагадлівым і ўважлівым.

Напрыканцы дня да дзяцей завітаў айцец Юрый Краўчанка, які аб’яднаў усіх каля алтара Пана падчас святой Імшы. Каб зрабіць гамілію больш яскравай, святар прывёз тры гаршчкі з перцам. Першы перац быў толькі зялёным дрэўцам, другі — з кветкамі, а трэці — з чырвонымі пладамі, якімі, як адзначыў святар, павінен дзяліцца і быць упрыгожаны чалавек, што развівае свае таленты і дзеліцца імі з іншымі людзьмі.

Ключавым момантам трэцяга дня была святая Імша ў мясцовым касцёле, які гасцінна разам з пробашчам кс. Гжэгашам Балестам штотыднёва, а часта і штодзённа сустракае і вітае ўсіх, хто збіраецца на рэкалекцыі ў Лебедзева. Пасля літургіі дзеці атрымалі яшчэ адно заданне: зрабіць сваімі рукамі баранка, які сімвалізуе кожнага ўдзельніка рэкалекцый, што імкнецца ў сваім жыцці ісці за голасам надзейнага Пастыра.

Час мінуў хутка, і першыя ў жыцці рэкалекцыі для дзяцей, што яшчэ рыхтуюцца да Першай Камуніі, скончыліся. Было вельмі заўважна, як дзеці ўсвядомілі каштоўнасць дароў-талентаў, зразумелі, ад Каго гэтыя дары паходзяць. Гэта праяўлялася ў тым, як яны спяшаліся зрабіць як найбольш дабра. Як адзначае сястра Крыспіна Янецкая, групы з другога тура так завіхаліся, прыбіраючы пакоі пасля сябе, што зрабілі гэта ўсяго за 40 хвілін. Вынікам разумення кожнай з тэм была, безумоўна, таксама малітва. Зерне кінута, а адвага і міласэрнасць самараніна няхай натхняе на ўчынкі любові, няхай мацнее і зелянее дрэва, да якога цудоўным чынам можа дарасці нават адарваная галіна, і прынесці плады.

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by