У мінскі Чырвоны касцёл унесены рэліквіі св. Фаўстыны | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.05.2013 13:52

5 мая 2013 г. адбылося працэсійнае ўнясенне рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай у мінскі касцёл свв. Сымона і Алены. Затым распачалася літургія, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку арцыпастыр павіншаваў праваслаўных вернікаў, якія сёння святкуюць Пасху, і пажадаў ім благаслаўлення Уваскрослага Езуса.

У гаміліі іерарх, зыходзячы з чытанняў на VI Велікодную нядзелю, адзначыў, што велікодны час — гэта час, калі святкуем пасхальную таямніцу, у якой праявіўся апагей Божай міласэрнасці.

Мітрапаліт адзначыў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца прыкметай Бога. Яна праяўляецца ў стварэнні свету і асабліва чалавека, у абяцанні збаўлення нашым першым бацькам, якія грахоўна ўпалі, у гісторыі Старога Запавету, у Новым Запавеце і пасхальнай таямніцы і ва ўсёй далейшай гісторыі чалавецтва і хрысціянства. «Колькі разоў здавалася, што з хрысціянствам будзе пакончана, але яно выжывала і пасля перыяду пераследу адраджалася. Колькі разоў здавалася, што чалавецтва загіне падчас войнаў і розных катаклізмаў, аднак Божы Провід распараджаўся інакш, — дадаў іерарх. — Мы, жыхары Беларусі, таксама як і ўсёй Усходняй Еўропы, на сабе адчулі дзеянне Божай міласэрнасці».

«Атэістычны рэжым ішоў на Усход, і ў 1917 г. у далёкай Фаціме Марыя заклікала да малітвы і навяртання як умовы захавання супакою і свабоды веравызнання, — працягваў Мітрапаліт. — Людзі, аднак, не паслухалі. І, нягледзячы на гэта, Бог праз Марыю аб’явіў аб планах сваёй міласэрнасці. Марыя тады сказала: Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе, і Расія навернецца».

«Нас чакаў доўгі час да спаўнення гэтага абяцання, — дадаў іерарх. — Часамі нават здавалася, што гэта толькі мара, якая ніколі не збудзецца. Аднак Бог яшчэ раз пацвердзіў сваю бязмежную міласэрнасць. У 30-я гады мінулага стагоддзя ён паклікаў простую законніцу Фаўстыну Кавальскую, каб праз яе яшчэ раз абвясціць сваю міласэрнасць. Яна стала сакратаркай Божай міласэрнасці. Міласэрны Езус праз яе прамовіў да свету».

Па словах Мітрапаліта, 30-я гады ХХ стагоддзя былі выбраны Богам не выпадкова: у Савецкім Саюзе ўзмацняліся ганенні на веру і свабоду, на Захадзе ўмацоўваўся нацызм — «дзве розныя ідэалогіі, але з адной мэтай: зняволіць чалавека». Менавіта ў такіх абставінах «праз святую Фаўстыну Кавальскую Міласэрны Езус шле сваё поўнае надзеі пасланне, сэнс якога ў даверы Богу».

Мітрапаліт нагадаў, што ў якасці духоўнага кіраўніка св. Фаўстыне Бог паслаў нашага земляка — благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцьку. «Маючы на ўвазе гэта і тое, што частка аб’яўленняў Езуса Міласэрнага адбылася у Вільні і што ў Вострай Браме ўпершыню быў выстаўлены для публічнага пакланення абраз Езуса Міласэрнага, мы адчуваем сябе вельмі блізка да таямніцы тых далёкіх ужо здарэнняў, якія сталі надзеяй свету, калі замест любові праяўляецца нянавісць, замест цывілізацыі жыцця чалавецтва будуе цывілізацыю смерці, замест супакою чалавецтву пагражаюць тэрарыстычныя акты і войны, — заўважыў арцыпастыр. — Больш за тое: амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі чыніць чалавецтва іх заложнікам і нясе ў сабе небяспеку самазнішчэння».

«Мы становімся сведкамі ажыццяўлення словаў папы Льва XIII, які яшчэ ў 1891 г., нагаваючы аб несправядлівым выкарыстанні бедных, папярэджваў, што выкарыстаныя нязгодна з Божай воляй лекі могуць стаць больш небяспечнымі, чым сама хвароба. Мы перажылі гэта падчас трох пакаленняў ганенняў на веру і цяпер ізноў наступаем на тыя ж самыя граблі, бо ў новых умовах свабоды веравызнання адыходзім ад Бога і без Яго імкнемся вырашаць свае праблемы», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Іерарх узгадаў словы бл. Яна Паўла II, рэліквіі якога нядаўна былі ўсталяваны ў Чырвоным касцёле і які казаў, што Божая міласэрнасць — адзіная надзея свету, і словы сённяшняга папы Францішка, які кажа, што без Божай міласэрнасці свет ужо даўно не існаваў бы. «Напэўна, не адзін з нас зведаў дзеянне Божай міласэрнасці як у сваім жыцці, так і ў жыцці грамадства», — дадаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт узгадаў таксама гісторыю 1990 г., калі тагачасныя ўлады не перадавалі Чырвоны касцёл вернікам. Тады ў ІІ Велікодную нядзелю, якая цяпер з’яўляецца святам Божай міласэрнасці, ён цэлебраваў святую Імшу каля гэтага касцёла. Падчас яе нарадзілася думка прайсці вакол святыні эўхарыстычнай працэсіяй у інтэнцыі вяртання касцёла. «Не было ні харугваў, ні балдахіна, але Эўхарыстычны Езус пайшоў, — адзначыў іерарх. — Людзі глядзелі са здзіўленнем: што гэта такое? А мы ішлі і маліліся. Прайшло некалькі дзён, і нам дазволілі маліцца ў касцёле».

«Ці гэта не цуд Божай міласэрнасці? Такіх цудаў многа, трэба толькі ўмець іх бачыць, умець бачыць, дзякаваць і маліцца аб новых», — дадаў арцыпастыр.

Таксама арцыбіскуп звярнуў увагу прысутных на абраз Езуса Міласэрнага. «Яго рука благаслаўляе ўсіх. Ён паказвае на крыніцу Божай міласэрнасці — сваё прабітае Сэрца. І, нарэшце, Ён ідзе да нас. Не будзем уцякаць ад Яго, даверымся Яму і кінемся ў Яго абдымкі, і, напэўна, станецца новы цуд, перадусім цуд маральнага аздараўлення свету», — заклікаў вернікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by