Там, дзе любоў, там — Бог: сустрэча з братам Бенуа з Тэзэ ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.05.2013 15:18

Сустрэча з братам Бенуа з супольнасці Тэзэ прайшла ў aрхікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску 5 мая, у нядзелю. Падчас яе брат Бенуа распавёў пра супольнасць, пра сваё пакліканне, а таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў.

Супольнасць Тэзэ нарадзілася ў 1940 г., у сэрцы дваццаціпяцігадовага юнака Ражэ. Падчас вайны ў францускай вёсцы Тэзэ ён дапамагаў бежанцам, сярод якіх былі яўрэі. Калі стала небяспечна, яны пераехалі ў Жэневу, але ў 1944 годзе брат Ражэ вярнуўся ў Тэзэ. Тут разам са сваёй сястрой Жэнеўевай яны апекаваліся дзецьмі, асірацелымі падчас вайны. Паступова да іх далучаліся маладыя людзі. У пратэстанцкай Царкве на той час не было практыкі манаскага жыцця. У Вялікдзень 1949 года маладыя людзі склалі шлюбы чыстасці і жыцця ў прастаце. Пазней брат Ражэ напісаў Статут, дзе змясціў тое, што патрэбна для жыцця ў супольнасці. Браты жывуць за кошт уласнай працы, кіруючыся вядомымі словамі «ora et labora (маліся і працуй)». Брат Ражэ заўсёды прапаведаваў любоў, прабачэнне і імкнуўся да адзінства хрысціянаў.

У 60-ыя гады ў супольнасці з’явіліся першыя браты каталіцкага веравызнання. Шмат праваслаўных маладых людзей таксама наведваюць Тэзэ. Смерць брата Ражэ ў жніўні 2005 года была вялікім горам для супольнасці і ўсіх, хто яго ведаў і любіў. Яго наступнікам стаў брат Алоіс. Супольнасць Тэзэ — экуменічны цэнтр для паломнікаў-хрысціянаў. На працягу трыццаці апошніх гадоў напрыканцы года для моладзі праводзяцца сустрэчы пад назвай «Пілігрымка даверу на зямлі» ў розных гарадах Еўропы, у іх прымае ўдзел вялікая колькасць моладзі, сярод іх — таксама ўдзельнікі з нашай краіны. Напрыклад, на апошнюю сустрэчу ў Рыме прыхала каля тысячы маладых людзей з Беларусі. Такая вялікая зацікаўленасць моладзі нашай краіны паспрыяла прыезду брата Бенуа.

Сярод прысутных на сустрэчы ў архікатэдры былі людзі рознага ўзросту і розных веравызнанняў. Сустрэчу з братам Бенуа наведаў таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Усе, хто хацеў, маглі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад сустрэчаў у розных гарадах Еўропы або з візітаў у вёсачку Тэзэ. Уражанні былі толькі пазітыўныя. Калі моладзь з захапленнем распавядала пра вёску Тэзэ, брат Бенуа падкрэсліў, што самае важнае — не геаграфічнае месца, а адносіны чалавека з Хрыстом, у гэтым бачаць сваю мэту браты супольнасці. Калі Тэзэ наведаў Ян Павел II, ён сказаў, што прыехаў як пілігрым «да крыніцы». Браты вельмі цешацца, што тут, у гэтай французскай вёсцы, людзі могуць аднавіць свае сілы, «напіцца чыстай вады» каб працягваць свой шлях.

Распавядаючы пра сваё пакліканне жыць у супольнасці, брат Бенуа сказаў, што ў Хрыста ёсць пакліканне для кожнага. І гэта наш выбар: згадзіцца на яго ці шукаць нешта іншае.

Потым была магчымасць папіць гарбаты і паразмаўляць у менш афіцыйнай абстаноўцы. А 16-й гадзіне сустрэча прадоўжылася малітвай у харызме супольнасці Тэзэ. Прыгожыя спевы, свечкі і цішыня. Менавіта ў такой атмасферы прасцей пачуць Бога. Спевы Тэзэ заўсёды кароценькія, бо іх мэта — падкрэсліць асобу Хрыста, каб канцэнтравацца на Ім, а не на складаных тэкстах песень.

«Ubi caritas et amor, Deus ibi est»… Там, дзе любоў, там — Бог.

Усіх, каму блізкі дух Тэзэ, моладзь запрашае на Імшы па нядзелях у Чырвоным касцёле на 17.00, падчас якіх яны выконваюць спевы Тэзэ. Хто хоча больш даведацца пра супольнасць, запрашаем на старонку  www.taize.fr.

Людміла Бурлевіч

 
© 2003-2021 Catholic.by